Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Смаргонях пад воклічы «Ганьба!» незалежнаму выдаўцу Рамуальду Ўлану прысудзілі 2,5 года «хіміі» за «паклёп» на міліцыянтаў


Рамуальд Улан
Рамуальд Улан

2 гады і 6 месяцаў «хіміі» прысудзілі выдаўцу са Смаргоняў на Горадзеншчыне Рамуальду Ўлану — нібыта за паклёп на міліцыянтаў.

Пракурор раёну Андрэй Клышэвіч адпачатку патрабаваў прызначыць прадпрымальніку абмежаваньне волі тэрмінам на 3 гады — гэта максымальнае пакараньне, прадугледжанае артыкулам 188 Крымінальнага кодэксу.

Прысутныя ў статусе пацярпелых сямёра супрацоўнікаў Смаргонскага РАУС гэтае патрабаваньне падтрымалі.

Справу разглядаў судзьдзя Сяргей Боландзь, які да прызначэньня на пасаду працаваў у мясцовай пракуратуры.

Рамуальд Улан паведаміў Свабодзе, што будзе абскарджваць вырак, паколькі справа сама па сабе абсурдная. Гэткім жа чынам на агучанае рашэньне адрэагавалі і прысутныя ў судовай залі, дзе сабралася ня меней за 100 чалавек. Паводле сьведак, некалькі хвілін абураныя людзі скандавалі ў адрас судзьдзі і пракурора «Ганьба!»

«Ён не зьяўляецца распаўсюднікам улётак, а толькі іх здымкаў. Якое ж тады пакараньне запатрабаваў бы пракурор, каб паставілі перад судом сапраўдных аўтараў — пры тым, што адносна Рамуальда пакараньне ўжо зашкальвае? — задаецца пытаньнем смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў. — Завялі справу па факце распаўсюду ўлётак, гаварылі аб падазраваных. Паводле лёгікі, спачатку трэба было б завяршыць расьсьледваньне, бо ня выключана, што знайшоўся б аўтар. Але сьледзтва адносна Ўлана праведзена асобна і справу перадалі ў суд. У выніку адкажа толькі ён».

На абскарджваньне прысуду даецца месяц, у іншым выпадку Рамуальду давядзецца зьбіраць рэчы і зьяжджаць адбываць пакараньне ў вызначанае месца.

Сутнасьць абвінавачаньня палягае ў тым, што Рамуальд Улан сфатаграфаваў расклееныя ў грамадзкіх месцах улёткі невядомага аўтара і разьмясціў здымкі ў групе «Чуткі Смаргоняў» сацсеткі «ВКонтакте». Нават ня ў выглядзе асобнага паста, а ў якасьці камэнтара да іншага.

Рамуальд Улан у судзе
Рамуальд Улан у судзе

Ва ўлётках сьцьвярджалася, што шэраг супрацоўнікаў смаргонскай міліцыі або злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі, або давалі ў судах неадпаведныя рэальнасьці паказаньні ў надуманых адміністрацыйных справах. За гэта сямёра праваахоўнікаў падалі ў суд на 55-гадовага прадпрымальніка.

Кожны зь іх прасіў у якасьці кампэнсацыі за «маральныя пакуты» па 1000 рублёў. У выніку суд матэрыяльныя прэтэнзіі істотна зьнізіў: чатыром міліцыянтам абвінавачаны мусіць заплаціць па 300 рублёў, тром — па 500. Пад арышт узяты аўтамабіль Рамуальда Улана, які ў выпадку нясплаты будзе выстаўлены на аўкцыён.

Рамуальд Улан — заснавальнік закрытай уладамі «Новай газеты Смаргоні» (1996-2005), наклад якой утрая перавышаў дзяржаўную раёнку «Светлы шлях», быў дэпутатам раённага савету дэпутатаў. У апошнія гады прапаноўваў паслугі друку.

Летась 26 верасьня ў рамках крымінальнай справы паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) ў яго дома і ў офісе прайшлі ператрусы, сілавікі канфіскавалі каляровыя прынтэры, сыстэмныя блёкі, пляншэты, тэлефоны — агулам блізу паўтара дзясятка адзінак. Прапрымальніка падазравалі, што нібыта на ягоным абсталяваньні друкаваліся тыя самыя «крамольныя ўлёткі». І хоць нічога не пацьвердзілася, справу не прыпынілі.

У той момант Рамуальда Ўлана падтрымалі ня толькі даўнія кліенты, а і неабыякавыя людзі — несьлі кампутары, прынтэры, паперу, каб ён мог працягваць дзейнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG