Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМАРГОНСКІ РАЙВЫКАНКАМ ЗАБАРАНІЎ ПАДПІСВАЦЦА НА НЕЗАЛЕЖНУЮ "НОВУЮ ГАЗЭТУ СМАРГОНІ"


Ігар Карней, Менск


Галоўны рэдактар і выдавец "Новай газэты Смаргоні" Рамуальд Улан кажа, што спроба ўладаў абмежаваць уплыў выданьня — ня першая. Год таму газэта нават друкавала дакумэнт за подпісам старшыні райвыканкаму Мікалая Кавалёва, які абавязаў усе дзяржаўныя структуры падпісацца на раённую газэту "Светлы шлях" і ўстрымацца ад фінансавай падтрымкі прыватнага выданьня. Гаворыць Рамуальд Улан:

(Улан: ) "Былі прыклады, калі выклікалі "на дыван" кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія выпісалі нашу газэту, і там папярэджвалі, каб гэтага надалей не было.

Але мы плянуем змагацца з гэтай сытуацыяй. Мы разумеем: пры дастаўцы нашага выданьня дзяржаўны пасярэднік "Белпошта" можа даць сьпісы падпісчыкаў уладам (яна ж ім падпарадкоўваецца). Таму мы з другога кварталу наладзім прыватную службу дастаўкі, цалкам незалежную ад дзяржавы".

За пяць гадоў існаваньня "Новай газэты Смаргоні" ейны наклад у чатыры разы перавысіў наклад "раёнкі", і гэта пачало моцна непакоіць мясцовую "вэртыкаль". Паводле спадара Ўлана, празь ціск уладаў не ставаць аб’ектыўнай інфармацыі будзе найперш вёсцы — праўленьням калгасаў, сельсаветам, клюбам, ФАПам. А менавіта там нястача інфармацыі адчуваецца найбольш востра.

Выпадак са смаргонскай газэтай — не адзінкавы. Як паведамілі мне ў Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, падобны ціск у той ці іншай ступені зьведалі ледзь ня ўсе з паўсотні недзяржаўных рэгіянальных выданьняў. Адзін з апошніх прыкладаў — гісторыя зь пінскай газэтай "Правінцыялка". Эпапэя зь немагчымасьцю зарэгістравацца скончылася тым, што друкаваць першы нумар прыйшлося ва Ўкраіне.
XS
SM
MD
LG