Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнта асудзілі на 2,5 года калёніі за лёгкія пабоі амапаўцу, імя якога засакрэцілі па просьбе Балабы


Аўтазак у Менску.

Суд Ленінскага раёну Менску 30 сьнежня асудзіў студэнта Віктара Акцістава. Асоба амапаўца, які праходзіў па справе пацярпелым, засталася невядомай з дазволу судзьдзі.

20-гадовы Віктар Акцістаў — студэнт 4 курсу Інстытуту прадпрымальніцкай дзейнасьці. Яго асудзілі па крымінальным артыкуле 364 «гвалт у дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Затрымалі Акцістава 10 жніўня. У той вечар студэнт хацеў адбіць ад затрыманьня незнаёмага хлопца каля гатэля «Юбілейны». Пацярпелым па справе прызналі амапаўца, чые анкетныя дадзеныя ў судзе зьмянілі «ў мэтах бясьпекі». Аб гэтым асабіста прасіў начальнік Менскага АМАПу Дзьмітры Балаба.

Пры гэтым у справе значылася, што ад дзеяньняў студэнта амапавец атрымаў лёгкія ранкі і драпіны на лобе, а свае маральныя пакуты ён ацаніў у 2000 рублёў. Сам амапавец сказаў, што ад удараў студэнта яму было «непрыемна». 21 верасьня Акцістава зьмясьцілі пад арышт, з таго моманту ён знаходзіўся ў зьняволеньні.

Судзьдзя Марына Запасьнік прызнала хлопца вінаватым і вынесла вырак — 2,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Такое пакараньне прасіў і прадстаўнік абвінавачаньня — старшы памочнік пракурора раёну Аляксандар Рамановіч.

Студэнт растлумачыў, што быў у курсе таго, што адбылося ў ноч з 9 на 10 жніўня, і, баючыся за далейшы лёс затрыманага, нанёс адзін удар амапаўцу па галаве, спрабаваў схапіць і спыніць супрацоўніка, пасьля чаго нанёс яшчэ два ўдары па галаве. Паводле словаў амапаўца, Акцістаў памыліўся ў сваіх паказаньнях, бо ён затрымліваў дзяўчыну зь вельмі кароткай стрыжкай, а не мужчыну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG