Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Новая хваля незадаволенасьці прывядзе да яшчэ больш маштабных пратэставых акцыяў», — расейскі палітык Уладзімер Мілоў


Уладзімер Мілоў

Расейскі апазыцыйны палітык і блогер Уладзімер Мілоў — пра памылкі Лукашэнкі і Пуціна, навагоднія звароты Ціханоўскай і Навальнага, урокі беларускай мірнай рэвалюцыі для дэмакратычнай апазыцыі Расеі, новы тып дыктатуры і санкцыі, якія могуць дапамагчы.

Сьцісла

  • У Эўропе мы такога ня бачылі з часоў югаслаўскіх войнаў.
  • Пуцін ня хоча цалкам за Лукашэнку «ўпрагацца». Грошай ён даў мала, у асноўным маральную падтрымку.
  • Трэба праявіць цярпеньне. Лукашэнка думае, што можна ўсіх перасаджаць і гэта ўсё неяк само сабой рассмокчацца. Так ня будзе.
  • У найбліжэйшыя месяцы Лукашэнку чакае новая хваля незадаволенасьці, у нейкі момант гэта прывядзе да яшчэ больш маштабных пратэставых акцыяў, чым мы бачылі ў першыя 2–3 месяцы.
  • На Новы год глядзяць у нас Навальнага, у вас — Ціханоўскую, а звароты Пуціна і Лукашэнкі — з дызлайкамі ўсе.

«У навагоднюю ноч гэта было бачна, хто для пераважнай большасьці беларусаў сапраўдны народны прэзыдэнт»

— Вельмі шмат беларусаў сустрэлі 2021 год, слухаючы навагодні зварот Сьвятланы Ціханоўскай. І многія пісалі ў сацыяльных сетках, што ўпершыню слухалі навагодні зварот таго, за каго галасавалі, і ўпершыню па-беларуску. У беларусаў наперадзе няпросты год. Як вам бачыцца, якія выпрабаваньні чакаюць беларусаў у 2021 годзе?

— У Беларусі складаныя часы. І ў новы год, нягледзячы на тое, што сьвяткавалі, мы згадвалі пра беларусаў. Мы пра вас увесь час думаем і жадаем як мага хутчэй перамагчы гэтую агідную дыктатуру. Я перакананы, што гэта здарыцца, але вы самі бачыце, што сытуацыя зацягваецца. Лукашэнка дае зразумець, што сыходзіць ён пакуль не зьбіраецца і намераны чапляцца за ўладу ўсімі магчымымі спосабамі. З другога боку, мы пабачылі за мінулыя месяцы, што краіна яго не прымае. У навагоднюю ноч гэта было ярка бачна, хто для пераважнай большасьці беларусаў сапраўдны лідэр, сапраўдны абраны народны прэзыдэнт.

Тое, што адбываецца, можна ахарактарызаваць тэрмінам «баявая нічыя». З аднаго боку, Лукашэнку ўдалося пакуль утрымацца з дапамогай беспрэцэдэнтных і вельмі жорсткіх рэпрэсій. У Эўропе мы такога ня бачылі з часоў югаслаўскіх войнаў. Гэта значна больш жорстка, чым тое, што мы назіраем у Расеі. Мы ведаем, што звычайна вы нас апярэджваеце, і ўсе беларускія тэхнікі пачынае прымяняць Пуцін усьлед за Лукашэнкам. З другога боку, бачна, што зламаць дух беларускага грамадзтва Лукашэнку не ўдалося. І хаця такіх маштабных пратэстаў, як у жніўні і верасьні, мы цяпер ня бачым, з другога боку, мы бачым, што грамадзтва гэтую ўладу не прымае. Мы бачым нарастаючыя эканамічныя складанасьці ў Лукашэнкі. І бачым што ён пабег пад крылца да Пуціна, каб той яго ўратаваў ад усіх гэтых цяжкасьцяў. Пуцін таксама ня хоча цалкам за яго «ўпрагацца». Грошай ён даў мала. Маштабнай дапамогі ня даў, у асноўным маральную падтрымку, і гэтага дакладна недастаткова.

Доўга так цягнуць Лукашэнка ня зможа, калі ўся краіна супраць яго, складанасьці ў эканоміцы, міжнародныя санкцыі. Празь некаторы час, паводле лёгікі разьвіцьця дыктатарскіх рэжымаў, гэта пачне сыпацца. У гэтай сытуацыі я хацеў бы яшчэ раз беларусам пажадаць трываласьці і вытрымкі. Давядзецца праявіць цярпеньне, але мне падаецца, што гэтага і так дастаткова. Людзі паказваюць, што яны не гатовыя здавацца, іх не зламіць, нягледзячы на беспрэцэдэнтны гвалт.

«За некалькі месяцаў мы пабачылі, што інструмэнтаў палепшыць эканамічную сытуацыю ў Лукашэнкі няма»

— А ці магчымы такі нэгатыўны сцэнар — цалкам закрытая краіна, да гэтага вялікая хваля эміграцыі, разбураная эканоміка, зарплаты па 5–10 даляраў, павальны тэрор, такая ўмоўная Паўночная Карэя ў цэнтры Эўропы. Ці магчыма такое? І як надоўга?

— Гэта наўрад ці магчыма. Нягледзячы на ўсю вонкавую палітычную закрытасьць Беларусі, гэта эканоміка, якая вельмі моцна залежыць ад адносінаў са зьнешнім сьветам. Найперш, рэжым Лукашэнкі чэрпае свае фінансы з даходаў некалькіх буйных экспартна арыентаваных прадпрыемстваў. Што будзе з эканамічнай сытуацыяй? Пра інвэстыцыі можна забыць. Мы будзем бачыць вельмі сур’ёзны адток капіталу. Шмат гадоў абмяркоўваюць, ці прыйдзе буйны расейскі бізнэс у Беларусь. Я перакананы, што ў такой сытуацыі ня прыйдзе.

Нават усе буйныя дзяржаўныя карпаратыўныя магнаты бачаць, наколькі сытуацыя нестабільная, разумеюць, што іх прыход цяпер, пашырэньне экспансіі інвэстыцый у Беларусь будзе ўспрымацца грамадзтвам нэгатыўна, як падтрымка Лукашэнкі. Па-другое, гэта інвэстыцыі ў палітычна нестабільны рэжым, які вось-вось рухне. Акрамя таго, мы бачым, што працягваецца адток грошай з банкаў, што перадавыя галіны, уласьнікі і супрацоўнікі кампаній працягваюць зьяжджаць з краіны.

Гэта цягне за сабой важкі эфэкт, таму што вымываецца верхняя сярэдняя кляса, у выніку попыт на тавары і паслугі будзе падаць. Гэта варонка, у якую непазьбежна пры часовым утрыманьні Лукашэнкі ва ўладзе эканоміку будзе засмоктваць. Гэта значыць, што будуць бяднець усё больш шырокія слаі насельніцтва, і незадаволенасьць сытуацыяй перакінецца нават на тых, хто сёньня паводзіць сябе адносна нэўтральна. Акрамя палітычнай незадаволенасьці і жаданьня пераменаў і зьмены ўлады, Лукашэнка атрымае другі ўдар у выглядзе незадаволенасьці з чыста сацыяльна-эканамічных прычын з боку тых слаёў насельніцтва, якія былі да яго больш-менш ляяльныя. Эканоміка — гэта ключ да разьвіцьця сытуацыі. За некалькі месяцаў мы пабачылі, што інструмэнтаў, каб палепшыць эканамічную сытуацыю, стабілізаваць яе, у Лукашэнкі няма.

Трэба праявіць цярпеньне. Лукашэнка думае, што можна ўсіх перасаджаць — і гэта ўсё неяк само сабой рассмокчацца. Так ня будзе. Вельмі важна разумець, што такія рэжымы, якімі б жорсткімі яны ні былі, не выжываюць ва ўмовах такіх эканамічных цяжкасьцяў. І каб утрымацца, ім патрэбны зусім іншы ўзровень брутальнасьці. Я перакананы, што варыянт Паўночнай Карэі тут немагчымы. Мы ня бачылі пракладаў, каб у сучасным сьвеце можна было пабудаваць другую такую жорсткую дыктатуру. Гэта будзе азначаць, што ў найбліжэйшыя месяцы Лукашэнку чакае новая хваля незадаволенасьці. Я думаю, што ў нейкі момант гэта прывядзе да яшчэ больш маштабных пратэставых акцыяў, чым мы бачылі ў першыя 2–3 месяцы.

«Тут хутчэй залежыць не ад Пуціна, а ад таго, што будзе Эўропа рабіць»

— Давайце пагаворым пра ролю Крамля, пра наўпроставую і ўскосную падтрымку Пуціна і пагрозу незалежнасьці Беларусі. Што вас найбольш трывожыць у пазыцыі ўладаў Расеі адносна Лукашэнкі і Беларусі?

— Мяне трывожыць той факт, што Пуцін увогуле сядзіць у нас у Крамлі. Да чаго ён ні дакранецца, гэта заўсёды прыносіць сурʼёзныя праблемы. Для Пуціна гэтая магнітуда пратэсту аказалася абсалютна нечаканай. І цяпер ён не разумее, як яму быць. Ён адчувае, што ўпісвацца па поўнай за Лукашэнку ня трэба; з другога боку, па інэрцыі ня можа яму не дапамагчы як хаўрусьніку-дыктатару, як чалавеку, якому агідны народныя мірныя дэмакратычныя рэвалюцыі. Ён заціснуты паміж гэтымі супярэчнасьцямі. У выніку дае дапамогу ў рэжыме «па чайнай лыжцы на гадзіну».

Мілоў пра затрыманьні наёмнікаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:59:59 0:00

За паўгода мы пабачылі ўсяго два траншы расейскіх крэдытаў па 500 мільёнаў даляраў. Гэта кропля ў моры. Пакуль гэтыя грошы ішлі ўласна на пагашэньне даўгоў Беларусі перад Расеяй за газ. Думаю, цяпер ён вырашыў чакаць, пакуль Лукашэнка здушыць пратэсты. Я думаю, што гэтага чакаць наіўна. Гэтага ня будзе. Пратэст працягнецца. Лукашэнка ў гэтай сытуацыі пакінуты сам на сябе, і тут вельмі шмат будзе залежаць ад таго, як эўрапейцы будуць дзейнічаць. Калі будуць абвешчаныя санкцыі супраць стаўпоў беларускай эканомікі, і калі яны перакрыюць Лукашэнку канал атрыманьня буйных экспартных даходаў і ўнясуць у санкцыйныя сьпісы найбуйнейшыя прадпрыемствы, такія як «Нафтан» ці «Беларуськалій», — гэта можа паставіць Лукашэнку ў вельмі складанае становішча. Тут хутчэй залежыць не ад Пуціна, а ад таго, што будзе Эўропа рабіць. Пуцін, калі нешта здараецца, заўсёды хаваецца. І тут ён займае пазыцыю чаканьня.

«Калі яны разумеюць, што краіну яны ўжо прайгралі і падтрымкі не вярнуць, у іх пачынаецца жывёльная рэакцыя»

— Ёсьць распаўсюджаная тэорыя, што Беларусь для Расеі — своеасаблівы палігон для адпрацоўкі аўтарытарных тэхналёгій, прыёмаў, рашэньняў — зьмяненьне Канстытуцыі, спосабы нэўтралізацыі апазыцыі, рэфэрэндумы. Улады Расеі глядзяць, як гэта робіць Лукашэнка, потым робяць гэта ў сябе менш груба і з улікам заўважаных памылак. Калі Пуцін вырашыць пяты раз балятавацца на пасаду прэзыдэнта ў 2024 годзе, ён можа разглядаць сытуацыю ў Беларусі як магчымы сцэнар барацьбы зь нязгоднымі ў Расеі. Якія Лукашэнкавы памылкі Пуцін не захоча паўтарыць?

— Я думаю, што ў нас гэта будзе раней. Я чакаю падобнага разьвіцьця падзей вакол выбараў у Дзяржаўную Думу ў 2021 годзе. Мне падаецца, гэта не пытаньне іх памылак, а пытаньне іх інстынктаў. Калі яны разумеюць, што краіну яны ўжо прайгралі і падтрымкі не вярнуць, у іх пачынаецца жывёльная рэакцыя. Яны свой страх хочуць перабіць, запалохаўшы ўсіх астатніх. Найхутчэй, будзе мандат на экстрэмальна жорсткія дзеяньні, паказальную жорсткасьць, каб запалохаць усіх астатніх. Тактыка запалохваньня шмат у якіх аспэктах пераймаецца Пуціным. Калі сытуацыя ў грамадзтве даходзіць да крытычнага пункту, гэта не працуе, людзі працягваюць супраціўляцца. І ўсё роўна на Новы год глядзяць у нас Навальнага, у вас — Ціханоўскую, а звароты Пуціна і Лукашэнкі — з дызлайкамі ўсе.

«Беларусы разумеюць, што гэта не пытаньне некалькіх дзён, тыдняў і, можа, месяцаў»

— А якія ўрокі беларускага мірнага пратэсту важныя для расейскай дэмакратычнай апазыцыі?

— Мы маем справу з новым тыпам дыктатур. Камуністычныя дыктатуры 30 гадоў таму былі гатовыя падаўляць абмежаваны супраціў і дысыдэнтаў, але яны аказаліся не гатовыя да таго, калі ўсё насельніцтва выходзіць. Цяпер мы маем справу з больш прасунутым і больш жорсткім тыпам дыктатураў, якія ведаюць, што насельніцтва супраць, і рыхтуюцца да такіх падзей загадзя. Яны гатовыя ваяваць супраць усёй краіны і ўсю краіну рэпрэсаваць. Нам трэба быць гатовым да гэтага і не шукаць хуткіх рэцэптаў, разумець, што супраць гэтага толькі цярпеньне і вытрымка. Дыктатар доўга так існаваць ня зможа. Мы вельмі рады бачыць, што беларусы разумеюць, што гэта не пытаньне некалькіх дзён, тыдняў і, можа, месяцаў. Трэба праяўляць упартасьць, як бы цяжка ні было. Гэта вельмі важны ўрок і для Расеі, і для расейскай дэмакратычнай апазыцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG