Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі пабіў гістарычны рэкорд


Эканаміст Зьміцер Крук

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі на 1 сьнежня 2020 году, зьнешні дзяржаўны доўг Беларусі склаў 18,2 млрд даляраў. Ад пачатку году ён павялічыўся на 1 млрд даляраў і стаў рэкордным.

У самым канцы сьнежня 2020 году Беларусь атрымала яшчэ 500 мільёнаў даляраў расейскай пазыкі.

Як паведамляе Міністэрства фінансаў, у лістападзе ад зьнешніх крэдытораў прыцягнута блізу 50 млн даляраў, у тым ліку ад ураду і банкаў Расеі і Кітаю, Міжнароднага і Эўрапейскага банкаў рэканструкцыі і разьвіцьця. Тады ж зь бюджэту пагасілі амаль 80 млн даляраў доўгу асноўным донарам.

Агулам за студзень-лістапад Беларусь атрымала пазыкі на 2,5 млрд даляраў, у тым ліку 1,4 млрд праз разьмяшчэньне аблігацый, астатнія сродкі — ад ураду Расеі, Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, банкаў Кітаю ды іншых фінансавых установаў.

За гэты ж пэрыяд краіна пагасіла 1,5 млрд даляраў па абавязаньнях перад банкамі Расеі, Кітаю, структурамі Эўразійскага эканамічнага саюзу, таварна-крэдытнай карпарацыяй ЗША.

Агульны памер дзяржаўнага доўгу на 1 сьнежня перавысіў 56 млрд рублёў. Ён вырас з пачатку году на 11,5 млрд з улікам курсавой розьніцы, або на 25,6%.

Паводле экспэртаў, сёлета спуск у даўгавую яму працягнецца. 30 сьнежня 2020-га Міністэрства фінансаў пацьвердзіла паступленьне першай часткі расейскага крэдыту ў эквіваленце 500 млн даляраў. Выдача другога траншу прызначаная на гэты год. Чакаецца яшчэ 500 млн даляраў.

Адметна тое, што гэта грошы не на разьвіцьцё, а на рэфінансаваньне — іншымі словамі, стварэньне новых даўгоў дзеля пагашэньня старых, кажа эканаміст Зьміцер Крук. У інтэрвію Свабодзе ён спрагназаваў найбольш імавернае разьвіцьцё беларускай эканомікі і пагрозу для золатавалютных рэзэрваў.

«Натуральна, улады і надалей хацелі б рэфінансаваць дзярждоўг, прыцягваючы новыя пазыкі. Аднак праблема ў тым, што доступу да крэдытаў фактычна няма, адзіная крыніца — Расея з 1,5 млрд даляраў, мільярд зь якіх ужо атрыманы. Пэўнасьці, адкуль яшчэ маглі б паступаць сродкі ў 2021 годзе, ніякай. Пры тым, што Мінфіну трэба іх дзесьці шукаць: і рэфінансаваць дзярждоўг неабходна, і будзе даволі буйны дэфіцыт бюджэту. І хоць велічыня дзярждоўгу можа нават скарачацца, гэта якраз праблема, бо азначае дадатковую нагрузку на золатавалютныя рэзэрвы, яны пачнуць хутка раставаць. Тая пагроза, якой на ўсіх узроўнях сур’ёзна апасаюцца».

У 2021 годзе, згодна з разьлікамі Міністэрства фінансаў, агульныя выплаты па дзяржаўным доўгу перавысяць 3 млрд даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG