Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-19 цяжка ўдарыў па сусьветнай эканоміцы. Ці зможа яна аднавіцца ў 2021-м?


Прыбыцьцё партыі вакцыны Pfizer у белградзкі аэрапорт.
Прыбыцьцё партыі вакцыны Pfizer у белградзкі аэрапорт.

Пандэмія каранавірусу пахіснула сусьветную эканоміку ў 2020 годзе. Кампаніі вымушаныя зьнізіць сваю актыўнасьць, улады павялічваюць выдаткі на дапамогу пацярпелым. Ці зможа эканоміка аднавіцца ў 2021 годзе і якую ролю будзе граць вакцынацыя?

Пандэмія COVID-19 нанесла сур’ёзны ўдар па эканоміках усіх краінаў. На думку экспэртаў, нас чакае самы сурʼёзны эканамічны крызіс з часоў Другой сусьветнай вайны.

Пандэмія закранула практычна ўсе краіны. Агульная колькасьць тых, хто заразіўся, перавысіла 63 мільёны. Па стане на пачатак сьнежня ад COVID-19 памерлі больш за паўтара мільёна чалавек.

Больш за палову насельніцтва Зямлі сутыкнулася з жорсткімі карантыннымі захадамі і абмежаваньнямі перамяшчэньня. Ніколі яшчэ ў гісторыі чалавецтва гэтыя меры не дасягалі такога маштабу.

Улады некаторых краін пастараліся забясьпечыць масавую фінансавую падтрымку кампаніям, семʼям і найбольш неабароненым групам. Агулам з сакавіка 2020 году на гэтыя мэты, паводле некаторых ацэнак, выдаткавана каля 12 трыльёнаў даляраў.

Аднак уліваньне бюджэтных грошай не ўберагло эканоміку ад падзеньня, а часам і краху, праз спыненьне прадпрымальніцкай дзейнасьці, падарожжаў, парушэньні схемаў паставак і г.д. Чаканае падзеньне глябальнага ВУП можа скласьці 4,5%, па ацэнцы Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця.

Даклад Канфэрэнцыі ААН па гандлі і разьвіцьці (ЮНКТАД) папярэджвае, што крызіс можа выпхнуць за рысу беднасьці яшчэ 130 мільёнаў чалавек і пагоршыць сытуацыю зь няроўнасьцю і сацыяльнай неабароненасьцю.

Дадатковую нявызначанасьць прынесла і другая хваля пандэміі, якая закранула большасьць краінаў Эўропы, Амэрыкі і іншых кантынэнтаў у апошнія месяцы 2020 году.

Улічваючы маштабы і глыбіню крызісу, якая імавернасьць эканамічнага росту ў 2021 годзе?

Ці дапамогуць вакцыны?

Амаль усе экспэрты сыходзяцца ў тым, што аднаўленьне эканомікі ў істотнай меры будзе залежаць ад эфэктыўнасьці вакцын. Самыя вядомыя на Захадзе цяпер тры — ад кампаній Pfizer / BioNTech, ад Moderna, і вакцына кампаніі AstraZeneca. Вакцыны ад Pfizer / BioNTech і Moderna паказалі эфэктыўнасьць больш за 90% на пазьнейшых этапах клінічных выпрабаваньняў. Рэгістрацыя вакцын будзе праходзіць паводле паскоранай працэдуры, 2 сьнежня Вялікая Брытанія абвясьціла аб рэгістрацыі вакцыны Pfizer-BioNTech. Расея стала першай краінай, якая ўхваліла вакцыну супраць COVID-19, «Спутник-V», аднак шмат хто ў міжнароднай навуковай супольнасьці ўсумніўся ў празрыстасьці мэханізму яе рэгістрацыі.

Чаканьне таго, што вакцыны хутка выйдуць на рынак, дае надзею на хуткую нармалізацыю эканомікі ў агляднай будучыні. Аднак экспэрты заклікаюць стрымаць аптымізм, адзначаючы складаную лягістыку масавай вытворчасьці і паставак вакцыны.

У кампаніі Pfizer, напрыклад, заявілі на пачатку лістапада, што сёлета будзе выраблена 50 мільёнаў дозаў, што дазволіць вакцынаваць 25 мільёнаў чалавек. У 2021 годзе абʼём вытворчасьці вакцыны Pfizer павінен вырасьці да 1,3 мільярда дозаў.

Улічваючы, што насельніцтва Зямлі складае каля 7,5 мільярда чалавек, гэта ня так і шмат.

Аксэль Вэбэр, старшыня буйнога інвэстыцыйнага холдынгу UBS, заявіў 11 лістапада, што нават з улікам вакцыны аднаўленьне эканомікі будзе няхуткім.

«Вяртаньне на дакрызісныя ўзроўні ВУП зойме ня менш за год. Яшчэ год ці два пойдзе на дасягненьне дакрызісных паказьнікаў беспрацоўя і эканамічнага росту, так што нам патрэбны будзе вельмі працяглы працэс аднаўленьня», — сказаў Вэбэр у інтэрвію CNBC.

18 лістапада Ганс Клюге, дырэктар Эўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі здароўя, заявіў пра тое, што Эўропа разам з ЗША зноў апынулася ў эпіцэнтры пандэміі.

«Ёсьць сьвятло ў канцы тунэля, але нас чакаюць цяжкія паўгода», — сказаў Клюге.

Аднаўленьне не для ўсіх?

Улічваючы маштаб шкоды, нанесенай пандэміяй COVID-19, поўнае аднаўленьне малаімавернае, асьцерагаюцца ў Канфэрэнцыі ААН па гандлі і разьвіцьці.

Эканамічныя наступствы «будуць адчувацца доўга, асабліва сярод самых бедных і найбольш уразьлівых сацыяльных груп», гаворыцца ў дакладзе ад 19 лістапада.

Там жа адзначаецца, што агульнасусьветны ўзровень беднасьці пачаў расьці ўпершыню пасьля фінансавага крызісу ў Азіі ў 1988 годзе.

«Вірус хутка перасякаў мяжы па галоўных артэрыях сусьветнай эканомікі. Гэта аказалася слабым месцам глябалізацыі. Пандэмія выклікала ў сусьветнай эканоміцы шок, які мацней за ўсё ўдарыў па найбольш уразьлівых сацыяльных групах», — заявіў генэральны сакратар ЮНКТАД Мухіса Кітуі.

З такім пунктам гледжаньня пагадзілася ў гутарцы з Радыё Свабода намесьніца галоўнага эканаміста ў вашынгтонскім Інстытуце міжнародных фінансаў Эліна Рыбакова: «Рынкі, якія растуць, асабліва адчувальныя да абмежаваньняў на перамяшчэньні, парушэньня гаспадарчых сувязяў, гандлю, турызму і грашовых пераводаў».

Пандэмія COVID-19 можа павялічыць разрыў ва ўзроўні дабрабыту ня толькі ў міжнародным маштабе, але і ўнутры асобных дзяржаў.

Напрыклад, згодна з дакладам агенцтва Bloomberg, Крэмль рэкамэндуе рэгіянальным уладам у Расеі браць пазыкі на пад'ём аховы здароўя і іншыя сацыяльныя выдаткі, зьвязаныя з пандэміяй. Чакаецца, што ўжо ў наступным годзе аб’ём чыстых пазыкаў дасягне 400 мільярдаў расейскіх рублёў (5,3 мільярда даляраў). Пры тым, што ў 2020 ён быў нулявы. Гэта дадзеныя расейскага агенцтва «Нацыянальныя крэдытныя рэйтынгі» (НКР).

«Моцныя рэгіёны выйграюць, слабыя стануць яшчэ слабейшыя», — лічыць Станіслаў Панамароў, прадстаўнік кампаніі «Трансфингруп», якая займаецца аблігацыямі расейскіх рэгіёнаў.

Кітай узмоцніцца?

Пандэмія пагоршыць становішча слабых і палепшыць становішча моцных — прынамсі, у эканоміцы.

У Кітаі, дзе быў зафіксаваны першы выпадак каранавірусу, ужо ідзе эканамічны рост.

Зь ліпеня па верасень другая па велічыні эканоміка ў сьвеце вырасла на 4,9% у параўнаньні з тым жа кварталам папярэдняга году. Гэта менш за прагназаваныя 5,2%, аднак дынаміка ВУП Кітаю ставіць яго ў авангард эканамічнага аднаўленьня ад COVID-19.

Рост амаль 5% — гэта нябачаны прагрэс на фоне яміны, у якой кітайская эканоміка апынулася на пачатку 2020-га са зьяўленьнем пандэміі.

За першы квартал 2020 году эканоміка Кітаю скарацілася на 6,8% на фоне прыпыненьня працы заводаў па ўсёй краіне. Гэта стала першым падзеньнем кітайскай эканомікі з 1992 году, калі там пачалі весьці статыстыку па кварталах. Аналітыкі мяркуюць, што пераход ад падзеньня да росту можа сьведчыць аб пасьпяховай палітыцы ўладаў, якія ўвялі вельмі жорсткі каранцінны рэжым, а затым прынялі меры па стымуляваньні вытворчасьці.

Рабочым давядзецца нялёгка

Пандэмія па-рознаму ўдарыць па рабочых і служачых.

«Офісныя супрацоўнікі працягваюць працаваць, седзячы ў сябе на кухні ці ў спальні, прынамсі часткова; а тым, хто раней працаваў афіцыянтамі, прыбіральшчыцамі або прадаўцамі, прыйдзецца шукаць новую працу дзе-небудзь на ўскраіне», —піша брытанскі часопіс The Economist.

За першыя дзевяць месяцаў 2020 году глябальная колькасьць працоўнага часу скарацілася на 11,7%, што эквівалэнтна 323 мільёнам пастаянных працоўных месцаў, паводле дадзеных Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) пры ААН. Памяншэньне працоўнага часу прывяло да скарачэньня даходаў у памеры 3,5 трыльёна даляраў, або 5,5% глябальнага ВУП.

Як будуць паводзіць сябе працоўныя рынкі ў 2021 годзе — шмат у чым залежыць ад дынамікі пандэміі і ўрадавых крокаў.

«Заўчаснае зьмякчэньне карантынных захадаў можа прывесьці да працягу пандэміі і пагаршэньня сытуацыі на працоўных рынках, таму важна выконваць балянс мер у галіне аховы здароўя, эканомікі і сацыяльнай палітыкі, — лічыць аналітык МАП Стыў Капсас. — Перад уладамі стаіць няпростая задача — знайсьці бюджэтныя сродкі, каб адрэагаваць на рост беспрацоўя, беднасьці, няроўнасьці і сацыяльнай ізаляцыі».

На якія фактары глядзець

Паводле ацэнкі АЭСР, агульнасусьветны ВУП вырасьце ў 2021 годзе на 5%. Аднак гэта залежыць ад шэрагу фактараў, у тым ліку «імавернасьці новых успышак каранавірусу, захаваньня карантынных захадаў і абмежаваньняў, упэўненасьці спажыўцоў і кампаній у будучыні, а таксама таго, наколькі маштабы падтрымкі дзяржавы будуць адпавядаць патрэбам бізнэсу».

Перад уладамі ўстане няпросты выбар: калі ўмяшацца, а калі адступіць і дазволіць рынку разабрацца самастойна, лічыць Эліна Рыбакова.

«Неабходна знайсьці балянс, які дазволіць падтрымліваць эканоміку, не замінаючы ёй пры гэтым трансфармавацца натуральным чынам. Некаторыя сэктары ня вернуцца да ранейшага стану; неабходна пазьбегнуць замбіфікацыі кампаніяў, якія больш ня здольныя існаваць самастойна», — мяркуе яна. На думку Рыбаковай, аднаўленьне будзе доўгае.

«У залежнасьці ад таго, як хутка будзе праходзіць вакцынацыя, і ад пандэмічнай сытуацыі ў кожнай канкрэтнай краіне, у 2021–2022 гадах урады будуць паступова зьмяншаць агульную фінансавую падтрымку і засяродзяцца на больш адрасных захадах — такіх, як дапамога па беспрацоўі і перападрыхтоўка, — сказала яна ў гутарцы з Радыё Свабода. — І ўсё адно многім краінам спатрэбіцца шмат гадоў, каб дасягнуць тэмпаў росту, якія былі да пандэміі 2020 году».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG