Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сувязі з заходнімі санкцыямі Беларусь просіць Эўразійскі банк разьвіцьця павялічыць крэдытаваньне


Першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў

Урад Беларусі разьлічвае на павелічэньне фінансаваньня з боку Эўразійскага банка разьвіцьця (ЭАБР).

Пра гэта заявіў першы намесьнік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў на сустрэчы з кіраўніком праўленьня банку Мікалаем Падгузавым, паведамілі ў прэс-службе Савету міністраў.

Паводле Мікалая Снапкова, Эўразійскі банк разьвіцьця для Беларусі цяпер вельмі важны інстытут: прапрацоўваюцца чарговыя санкцыйныя сьпісы і ёсьць праблемы з фандаваньнем зьнешняга фінансаваньня заходнімі банкамі.

Раней ЭАБР агучыў інфармацыю пра гатовасьць замясьціць крэдытныя лініі, інфраструктурныя і транспартныя праекты, у якіх ня будуць удзельнічаць Эўрапейскі інвэстыцыйны банк і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця.

У сваю чаргу Мікалай Падгузаў падкрэсьліў, што ЭАБР зьяўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй «па-за палітычных канструкцый».

«Наша задача — разьвіцьцё эканомік, інтэграцыйных працэсаў на прасторы ЭАЭС. На працягу апошняга паўтара году ў нас дастаткова сур’ёзна вырас партфэль у Беларусі — каля 1 млрд даляраў. Банк працуе з найбуйнейшымі прадпрыемствамі, у ліку якіх „Беларуськалій“, БелАЗ, БМЗ», — адзначыў ён.

Эўразійскі банк разьвіцьця плянуе да канца году заключыць крэдытнае пагадненьне з «Менскэнэрга» на больш чым 100 млн эўра. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе банку па выніках сустрэчы старшыні праўленьня банку Мікалая Падгузава і першага намесьніка прэм'ер-міністра Беларусі Мікалая Снапкова.

Сёлета ў кастрычніку Эўразійскі банк разьвіцьця, які кіруе сродкамі Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця, пералічыў Беларусі фінансавы крэдыт у аб’ёме 500 млн даляраў — на 10 гадоў з ільготным пэрыядам пад «плаваючую» працэнтную стаўку.

Згодна з базавым сцэнаром прагнозу, ВУП Беларусі ў 2021 годзе скароціцца на 0,1%. Пагаршэньне ў параўнанні з папярэднім прагнозам на 1,2 пункта зьвязанае з сацыяльна-палітычнай напружанасьцю ў краіне і працяглым пэрыяд стрымліваньня грашова-крэдытнай палітыкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG