Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стартаваў прыём заявак на беларускі адбор да «Эўравізіі-2021»


Эўравізія
Эўравізія

Беларусь будзе выбіраць новага прадстаўніка замест дуэту VAL, які перамог у нацыянальных спаборах летась. Музыкі падпісалі ліст за новыя выбары, Белтэлерадыёкампанія назвала гурт несумленным.

Беларусь, як і яшчэ 19 краін, правядзе новы адбор. Заяўкі прымаюцца на сайце Белтэлерадыёкампаніі да 31 студзеня.

«Эўравізія-2020» мелася адбыцца ў Нідэрляндах летась, але эпідэміялягічная сытуацыя змусіла дырэкцыю конкурсу адкласьці яго на год. 22 краіны захавалі за пераможцамі мінулагодніх нацыянальных адбораў права паехаць у Ротэрдам 18-22 траўня 2021.

Белтэлерадыёкампанія зьмяніла ў правілы нацыянальнага адбору. Прэтэндэнтам неабходна даслаць відэазапіс выкананьня кампазыцыі з жывым гукам. Адзін прэтэндэнт можа прадставіць толькі адну песьню. Яна ня можа мець камэрцыйнай рэалізацыі, хранамэтраж абмежаваны 3 хвілінамі.

Да ўдзелу ў нацыянальным адборы запрашаюць як сольных выканаўцаў, так і калектывы з колькасьцю ўдзельнікаў ня больш за шэсьць чалавек. Могуць удзельнічаць і замежныя грамадзяне. Узроставае абмежаваньне — не маладзейшыя за 16 гадоў.

Дуэт VAL, які перамог у беларускім конкурсе летась, раскрытыкаваў прымус выступаць на дзяржаўных канцэртах, за што атрымаў ад Белтэлерадыёкампаніі абвінавачаньні ў «адсутнасьці сумленьня».

У кастрычніку музыкі дуэту Валерыя Грыбусава і Ўлад Пашкевіч падпісалі Адкрыты ліст дзеячаў культуры з патрабаваньнямі перагледзець вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, спыніць гвалт, адмяніць «чорныя сьпісы» і не чыніць ціск на майстроў культуры, ня згодных з палітыкай уладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG