Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белтэлерадыёкампанія: Гурт VAL не паедзе на «Эўравізію», бо ў музыкаў «адсутнічае сумленьне» 


Гурт VAL ня будзе выступаць за Беларусь на міжнародным конкурсе «Эўравізія –2021», таму што ў музыкаў «адсутнічае сумленьне». Пра гэта паведаміла Белтэлерадыёкампанія.

Падставай да такога рашэньня стала інтэрвію ўдзельнікаў дуэту Ўлада Пашкевіча і Валерыі Грыбусавай праекту «Цікавыя людзі», у якім яны раскрытыкавалі прымус да выступаў на дзяржаўных канцэртах і эфірах. Раней сваё стаўленьне да прапагандысцкага шоў артысты выказалі ў адмысловым відэазвароце.

Таму рашэньне кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі музыкі тлумачаць рэакцыяй на актыўную грамадзянскую пазыцыю, адкрытае інтэрвію парталу і відэазваротам да слухачоў.

«Сказаць, што моцна засмуціліся, — самім жа і падмануцца. Калі мы робім пэўныя крокі, то разумеем іх магчымыя наступствы. Для нас такія паняцьці, як гонар, прыстойнасьць, свабода, павага, любоў значна важнейшыя, чым асабістыя прэфэрэнцыі ад якой-небудзь дзяржаўнай арганізацыі», — адзначылі выканаўцы.

Сёлета ў лютым гурт VAL стаў пераможцам нацыянальнага адбору да конкурсу «Эўравізія», які павінен быў адбыцца ў траўні ў Нідэрляндах. Аднак праз пандэмію каранавірусу імпрэзу адмянілі.

У чэрвені арганізатары абвясьцілі, што вяшчальнік кожнай краіны можа самастойна вырашыць, хто выступіць на «Эўравізіі – 2021»: пераможца сёлетняга адбору або нехта іншы.

Спачатку Белтэлерадыёкампанія ня бачыла неабходнасьці шукаць замену дуэту VAL, але пасьля заяваў Валерыі і Ўлада абвінаваціла іх у адсутнасьці сумленьня і закрыла дзьверы на эўрапейскі конкурс.

«Прачытаўшы інтэрвію, хочам сказаць толькі адно. Гурт VAL ужо і сапраўды не паедзе на „Эўравізію – 2021“. Адбудзецца гэта не таму, што на БТ нешта „зламалася“ або лютуе цэнзура. А таму, што ў артыстаў проста адсутнічае сумленьне», — гаворыцца ў афіцыйным камэнтары арганізатараў нацыянальнага адбору.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG