Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ціханоўская павінна вярнуцца». Андрэй Курэйчык — пра герояў пратэстаў


Сьвятлана Ціханоўская. Мітынг у Берасьці. 2 жніўня.
Сьвятлана Ціханоўская. Мітынг у Берасьці. 2 жніўня.

Сябра Каардынацыйнай рады, драматург і рэжысэр Андрэй Курэйчык расказвае пра сваю п’есу «Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)», больш за 100 чытаньняў і пастановак якой прайшло ў 25 краінах сьвету на 20 мовах.

Паводле Курэйчыка, у 2021 годзе Сьвятлана Ціханоўская павінна вярнуцца ў Беларусь і быць зь людзьмі, якія за яе галасавалі.

Глядзіце размову на відэа цалкам


Прапануем фрагмэнты інтэрвію

Пра вяртаньне Ціханоўскай у Беларусь


Я вельмі хачу пажадаць Сьвятлане Ціханоўскай вярнуцца ў Беларусь у новым годзе. Я лічу, што чалавек, які назваўся нацыянальным лідэрам, павінен быць са сваім народам. Мне падаецца, што гэта будзе самым моцным ударам па ўсёй гэтай сыстэме. Я разумею цудоўна рызыкі. Памятаем Міхаіла Саакашвілі, які вяртаўся ва Ўкраіну і прарываўся празь мяжу, памятаем Машу Калесьнікаву, якая сказала, што ня зьедзе, парвала пашпарт і засталася. Для мяне яна абсалютны герой году, зь вялікім адрывам, бо яна зрабіла ўчынак. Такія ўчынкі я цаню нашмат болей, чым мільён любых заяваў і слушных словаў. Я лічу, што трэба, каб у наступным годзе абраны прэзыдэнт і нацыянальны лідэр вярнулася ў Беларусь і зрабіла тое, што абяцала — прыбрала Лукашэнку і прызначыла новыя выбары.

Пра ўдзел у выбарчай кампаніі і пратэстах

Андрэй Курэйчык
Андрэй Курэйчык

Я быў ня самым палітычна актыўным і палітычна дасьведчаным чалавекам у краіне. Але пачынаючы зь вясны гэтага году неяк усе адчулі, што трэба мяняць краіну, і прэзыдэнцкія выбары — гэта шанец. Я нават узяў удзел у выбарчай кампаніі, выступіў на самым вялікім перадвыбарчым мітынгу нашай цудоўнай тройкі — Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы. Там я сказаў, што вельмі хачу, каб мае дзеці жылі пры іншым рэжыме, пры свабодзе, пры дэмакратыі. Потым былі выбары і гэтая хваля гвалту. Мы ўсе ў жніўні выйшлі на вуліцу. Кожны дзень я выходзіў да БТ, да АНТ, на вялікія маршы, пад ізалятары, на плошчу Незалежнасьці, на вулічныя канцэрты. Я ўвайшоў у Каардынацыйную Раду, таму што падалося, што ёсьць шанец правесьці трансфармацыю краіны мірна, цывілізавана. Разам зь іншымі інтэлектуаламі Беларусі мы стварылі орган, які павінен быў проста правесьці перамовы, каб гэта зрабіць такім чынам, каб пацярпела найменшая колькасьць людзей. Замест гэтага ў адказ — жорсткія рэпрэсіі, гвалт, якія зноў перапоўнілі вуліцы нашых гарадоў.

Пра пʼесу «Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)»


20 жніўня я пачаў пісаць гэтую пʼесу. Я ня мог заставацца ўбаку. Тады было вельмі шмат інфармацыі пра тое, што адбывалася 9 і 10 жніўня. Ужо зьявілася інфармацыя пра забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Зьявілася шмат інтэрвію. Было шмат матэрыялу, і я вырашыў адлюстраваць гэта ў пʼесе. Я скончыў яе пісаць 9 верасьня. Яна адлюстроўвае першы месяц нашых пратэстаў. Цяпер ужо падаецца, што гэта бясконца далёка, а тады было так блізка. Гэтая пʼеса — з адкрытым канцом. У яе няма фіналу, як няма фіналу і ў нашай гісторыі, пакуль няма шчасьлівага фіналу для Беларусі. Я думаю пра тое, што калі мы пераможам, трэба будзе абавязкова напісаць, як гэта адбылося.

Пра пастаноўкі ва ўсім сьвеце


Я пісаў яе ні для кога. Канечне, не было тэатру ў Беларусі, які мог бы яе паставіць. Я ня ведаў, каму ў сьвеце можа быць цікавая нашая беларуская гісторыя. Але яна трапіла да ангельскага перакладчыка Джона Фрыдмана, які пераклаў яе на ангельскую мову і паказаў некалькім тэатрам у сьвеце. І ўсім захацелася падтрымаць беларусаў у гэты момант. Узьнікла хваля салідарнасьці, якой ніхто не чакаў. Ковід, многія тэатры закрытыя, многія краіны закрытыя, іншыя тэмы ў галовах. Аказалася, што многія людзі нам спачуваюць. З таго часу яна выйшла больш як у 20 краінах — Латвія, Літва, Польшча, шмат дзе ва Ўкраіне, Расея, Швэцыя, Вялікая Брытанія, Нідэрлянды, больш за 30 чытак у Амэрыцы. Вялікая колькасьць вядомых людзей далучыліся да хвалі салідарнасьці зь Беларусьсю — Лія Ахеджакава ў Расеі, на чытку ў Бостане прыйшоў Міхаіл Барышнікаў, Адам Міхнік удзельнічаў у дыскусіі ў Польшчы.

Якія пазытыўныя і нэгатыўныя выніку году


Я не чакаў, што беларусы настолькі пакажуць свой характар, які быў схаваны 26 гадоў. Галоўная падзея году — унутранае рашэньне беларусаў пазбавіцца ад Лукашэнкі. Колькі б ён ні трымаўся на гэтых штыках, колькі б ні саджаў, унутранае рашэньне беларусаў прынятае. Ён прайграў гэтыя выбары і ўжо ніколі не пераможа ні на якіх выбарах і рэфэрэндумах. Адмоўны вынік — вялізарная колькасьць лёсаў зламана, вельмі шкада часу, праведзенага людзьмі ў ізалятарах, страчанага здароўя. Мне вельмі шкада, што гэтая таталітарная сыстэма пераломвае людзей як біямасу, не разумеючы, што кожны чалавек неверагодна важны. Мне шкада тых, хто зьехаў. Мне шкада мэдыкаў, мне шкада памерлых ад ковіду, якія маглі не памерці, калі б гэтая ўлада выконвала элемэнтарныя правілы, прынятыя ва ўсім сьвеце адносна гэтай хваробы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG