Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Віталь Чырвінскі


Марш у Курапаты, Менск, 1 лістапада 2020 г.
Марш у Курапаты, Менск, 1 лістапада 2020 г.

Працягваем нашу рубрыку «Цытаты, якія дапамагаюць жыць».

Віталь Чырвінскі:

…Не пагарджаць сьвятым сваім мінулым, а заслужыць яшчэ, і вартым быць яго.

(Уладзімер Караткевіч)

Гэтай улюбёнай мною цытатай я доўгі час апэрыраваў быццам мэдычным малаточкам, спрабуючы ўбіць у галовы людзей у пагонах хоць нейкую павагу да свайго. Не пакідаю веру ў магутнасьць трапнага слова клясыка і цяпер. Ведаю, што цытата захавалася на стэндах у штабах некаторых вайсковых частак…

Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасьця… на вышыню нашых магіл. З крывёю, са зрывамі на дно прорвы, яно, здыхаючы, паўзе да праўды.

(Уладзімер Караткевіч/Кастусь Каліноўскі)

Гэтыя словы былі ўкладзены Ўладзімерам Караткевічам у вусны галоўнага героя яго п’есы «Кастусь Каліноўскі». У гэтым годзе той самы «кожны раз» прыйшоў да чалавецтва з Беларусі. На якую вышыню яно ў выніку стане бліжэй да шчасьця, ведае толькі Бог і самі беларусы, ну і, напэўна, Уладзімер Караткевіч.

Воін, які ведае гісторыю свайго народу, які ведае подзьвігі сваіх продкаў, які ведае ўсе гераічныя старонкі свайго мінулага, — гэта сьвядомы воін, гэта бясстрашны воін…

(Міхась Лынькоў)

Гэтыя словы я знайшоў у стэнаграме VI сэсіі Вярхоўнага Савету Беларускай ССР, якая праходзіла ў сакавіку 1944 году ў вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Гомелі. На той момант абмяркоўвалася пытаньне аб стварэньні Народнага камісарыяту абароны Беларускай ССР (умоўна — міністэрства абароны Беларусі). Адсюль такія пажаданьні нашага народнага пісьменьніка пра меркаваны воблік воіна-беларуса будучыні.

Цяпер у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь з гэтай цытаты пачынаецца экспазыцыя «Ваенная гісторыя беларускага народа»…

Перафразую ў сучасным кантэксьце. Бясстрашны той, хто «сьвядомы» ў сваёй праўдзе. Пакуль гэта пра народ.

Віталь Чырвінскі — вайсковы гісторык, падпалкоўнік запасу, аўтар ютуб-каналу «Размовы аб ваеннай гісторыі Беларусі».

Выбар рэдакцыі:

One never finds life worth living. One always has to make it worth living.

Вартае жыцьцё проста так ня знойдзеш, вартае жыцьцё заўсёды трэба самому сабе стварыць.

(Гары Эмэрсан Фосдык)

Гары Эмэрсан Фосдык (Harry Emerson Fosdick, 1878–1969) — амэрыканскі пратэстанцкі сьвятар.

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG