Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты, якія дапамагаюць жыць. Прапануе Юлія Шпілеўская


Акторы перад Купалаўскім тэатрам, Менск, 19 жніўня 2020 г.
Акторы перад Купалаўскім тэатрам, Менск, 19 жніўня 2020 г.

Працягваем нашу рубрыку «Цытаты, якія дапамагаюць жыць».

Юлія Шпілеўская:

Але ж і задачку вы мне задалі. Я ўвогуле люблю глыбокія, ёмістыя выразы, і вельмі засмучаюся, што сама ня ўмею завярнуць нешта падобнае, як кажуць, з сэнсам.

Ці дапамагаюць яны жыць? Напэўна. Ну хаця б таму, што ў важныя, знакавыя моманты ты адучаваеш нейкую падтрымку сусьвету. Альбо глябальна — з пункту гледжаньня ўсяго чалавечага досьведу. Альбо вельмі асабіста.

Рабі, што павінен, і зьдзейсьніцца, чаму наканавана.

(Марк Аўрэлій)

Не заўсёды кажы, што ведаеш, але заўсёды ведай, што кажаш.

(Кляўдый Кляўдыян)

Тут і казаць асабліва няма чаго. На парозе лёсавызначальных рашэньняў я заўсёды стараюся трымаць гэтыя словы ў галаве.

А вось наступнае выказваньне моцна дапамагае падчас прыступаў вострага пэрфэкцыянізму. Ну праўда, хто казаў, што ўвесь сусьвет павінен ацаніць цябе на «выдатна»? Калі нават Гётэ лічыць гэта вар’яцтвам...

Самае сьмешнае жаданьне — жаданьне падабацца ўсім.

(Ёган Вольфганг Гётэ)

Ну, а далей… Раман «Шантарам». Тут можна ўвогуле перапосьціць усю кнігу. Але лепш проста прачытаць яе. І справа ня толькі ў нейкіх удалых фразах аўтара. Сыстэма сьветапогляду галоўнага героя, яго думкі і жыцьцёвыя арыентыры загорнуты ў такую дасканалую моўную форму, што, можна сказаць, гэта адна вялізарная цытата…

Кожны ўдар чалавечага сэрца — гэта цэлы сусьвет магчымасьцяў.

Жорсткасьць — разнавіднасьць баязьлівасьці.

У любым жыцьці, як бы поўна ці, наадварот, убога яно ні было пражытае, няма нічога мудрэйшага за няўдачы і нічога ясьнейшага за смутак. Пакута і параза, — нашы ворагі, якіх мы баімся і ненавідзім, — дадаюць нам кропельку мудрасьці і таму маюць права на існаваньне.

Мужчына становіцца мужчынам толькі пасьля таго, як ён заваюе любоў жанчыны, заслужыць яе павагу і захавае яе давер, а бяз гэтага ён не мужчына.

Мы ішлі не сьпяшаючыся. Я раз-пораз падымаў галаву да неба, так шчыльна набітага зоркамі, што чорная сетка ночы, здавалася, вось-вось лопне, ня ў сілах утрымаць гэты бліскучы ўлоў.

(Грэгары Дэйвід Робэртс, «Шантарам»)

Юлія Шпілеўская — акторка тэатру і кіно, тэлевядоўца. У жніўні разам з большасьцю трупы і іншымі супрацоўнікамі Купалаўскага тэатру ў Менску звольнілася ў знак пратэсту.

Выбар рэдакцыі:

When in doubt, tell the truth.

Калі сумняесься, кажы праўду.

(Марк Твэн)

Цытаты дасылайце Яну Максімюку на ягоную электронную пошту maksymiukj@rferl.org альбо праз Messenger на ягонай старонцы ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/jan.maksymiuk.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG