Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі былую топ-мэнэджарку асудзілі на 15 гадоў за шпіянаж на карысьць Малдовы


Карына Цуркан
Карына Цуркан

Маскоўскі гарадзкі суд у аўторак асудзіў былую топ-мэнэджарку кампаніі «Интер РАО» Карыну Цуркан на 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Яе прызналі вінаватай у шпіянажы на карысьць Малдовы.

Дзяржаўны абвінаваўца прасіў прызначыць Цуркан 18 гадоў калёніі — тэрмін, блізкі да максымальнага.

Адвакаты і сама Цуркан, якая ў пачатку 2020 году была ненадоўга вызваленая з-пад варты, сьцьвярджалі, што справа будуецца на фальшывых доказах і што яна можа быць зьвязана з канфліктам Цуркан з уладамі Прыднястроўя або са спробай спэцслужбаў адвесьці ўдар ад «сапраўднага» шпіёна.

Карыну Цуркан арыштавалі ў чэрвені 2018 году. Паводле вэрсіі следзтва, у верасьні 2015 году Цуркан перадала малдоўскім спэцслужбам электронную вэрсію нейкага дакумэнта Міністэрства энэргетыкі Расеі. Экспэрты ў сьнежні 2016 году прыйшлі да высновы, што інфармацыя ў дакумэнце зьмяшчала дзяржаўную тайну.

У канчатковым абвінавачаньні сьцьвярджалася, што Цуркан ў 2004 годзе была завэрбаваная палкоўнікам малдоўскіх спэцслужбаў Аляксандрам Папэску і негалосна супрацоўнічала са Службай інфармацыі і бясьпекі Малдовы. Цуркан нібыта мела апэратыўны псэўданім «Карла» і ўвесь гэты пэрыяд атрымлівала ўзнагароду ў буйным памеры. Пры гэтым, як расказаў адвакат Іван Паўлаў, суму ўзнагароды Сьледчае ўпраўленьне ФСБ не ўдакладніла, паведамляе РБК.

Цуркан віны не прызнае.

У лютым яна зьвярталася да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з просьбай правесьці незалежнае расьсьледаваньне яе справы і даць ёй магчымасьць даказаць сваю невінаватасьць. Паводле яе, сакрэтнасьць справы пазбаўляе яе гэтай магчымасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG