Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс біткойна перасягнуў рэкордныя 27 тысяч даляраў


Пакуль беларусы спалі, крыптавалюта працягвала ставіць рэкорды. За содні яна падаражэла больш як на 10%.

На пачатку году курс біткойна быў крыху большым за 7 тысяч даляраў, а найменшы сёлета — 5 тысяч.

Паводле аналітыкаў, рост інвэстыцый у біткойн зьвязаны з інфляцыйнымі чаканьнямі, бо цэнтральныя банкі пачалі выпускаць грошы, каб падтрымаць эканоміку на фоне пандэміі каранавірусу. Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША выдзеліла мільярды даляраў на падтрымку людзей і бізнэсу, што выклікала размовы пра магчымае аслабленьне даляра.

Як працуе біткойн. Простымі словамі

Біткойн, як і іншыя крыптавалюты, ня мае купюраў ці манэтаў, як рэальныя грошы, і не кантралюецца цэнтральнымі банкамі. Гэтая сыстэма дазваляе ананімна абменьвацца ўмоўнымі віртуальнымі адзінкамі (і абменьваць іх на тавары ці рэальныя грошы). Кожны можа ўбачыць, якія апэрацыі праводзіліся, але ня можа спраўдзіць, паміж кім і кім: вядомыя псэўданімы адпраўніка і прымальніка віртуальных грошай, але ня іх рэальныя асобы.

Курс крыптавалютаў вызначаецца толькі тым, колькі самі людзі гатовыя аддаць рэальных грошай за адзінку крыптавалюты.

Зьвесткі пра апэрацыі перадаюцца ланцужком шыфраваных кавалкаў — блёкамі. Пры гэтым кожны блёк нясе ў сабе інфармацыю пра папярэдні.

Працу крыптавалютаў забясьпечваюць самі карыстальнікі: дазваляюць выкарыстоўваць магутнасьці сваёй вылічальнай тэхнікі (усё часьцей — адмысловых вылічальных «фэрмаў» з магутных кампутараў) для апрацоўкі пераводаў грошай праз інтэрнэт з дапамогай спэцыяльных праграмаў, за што самі атрымліваюць «плату» ў адзінках віртуальнай валюты.

Гэта завецца «майнінгам» — здабываньнем крыптавалюты праз забесьпячэньне яе існаваньня.

Калі перастане працаваць адзін з кампутараў сыстэмы, або нават калі ад сыстэмы адключыцца цэлы кантынэнт, яна працягне працаваць, ня страціўшы зьвестак пра ранейшыя і бягучыя пераводы грошай.

«Забіць» крыптавалюту могуць толькі яе «здабывальнікі», калі перастануць даваць ёй вылічальныя магутнасьці ў дастатковым аб’ёме.

Прававы статус крыптавалютаў няпэўны. Іх здабыча і абарачэньне ў Беларусі не забароненыя, але і не дазволеныя: магчыма, за некаторыя апэрацыі могуць пакараць, але за якія — невядома.

Дзе-нідзе крыптавалютай ужо можна расплаціцца ня толькі ў віртуальных, але і ў рэальных крамах. Але часта крыптавалюта (паколькі дазваляе захоўваць ананімнасьць) выкарыстоўваецца для гандлю незаконнымі таварамі і паслугамі, напрыклад зброяй ці наркотыкамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG