Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дом — апошні рубеж, і адступаць няма куды». На сям’ю зь Дзяржынску ціснуць за сьцяг на ўласным доме


Бел-чырвона-белы сьцяг
Бел-чырвона-белы сьцяг

Жыхароў Дзяржынску Віталя Буйноўскага і ягоную жонку Кацярыну аштрафавалі на 30 базавых за тое, што на доме вісіць бел-чырвона-белы сьцяг. Сямейная пара не саступіла, сьцяг не зьнялі.

Фарба тых жа колераў зьявілася і на бальконе. Міліцыянты склалі на Віталя новы пратакол, яго чакае яшчэ адзін суд. Мужчына расказвае сваю гісторыю спакойна і нават з усьмешкай. Ён перакананы, што праўда на ягоным баку і нацыянальная сымболіка пераможа.

«Судзьдзя Крупец палічыў, што сьцяг на маім доме — гэта недазволены пікет. Але дом і ўчастак — гэта мая маёмасьць. Што хачу, тое і вывешваю, гэтая сымболіка нікім не забароненая. Сьцяг — былы дзяржаўны, а герб „Пагоня“ прызнаны гістарычным. Даводзіў гэта міліцыянтам, але склалі на мяне новы пратакол. Паглядзім. Гэта мой апошні рубеж, і саступаць я ня буду, проста ўжо няма куды».

Жонка Віталя Кацярына не стаіць убаку ад падзей, у віхор якіх трапіў яе муж. Кацярыну таксама ўжо штрафавалі пасьля прагулкі па горадзе зь бел-чырвона-белым парасонам. «На дваіх маем больш за паўтары тысячы штрафаў, наперадзе пяты суд, але мы адзін аднаго падтрымліваем», — кажа жанчына.

Віталю Буйноўскаму 44 гады, ён рэзчык па камені, але часова не працуе, бо зімой няма заказаў. Яшчэ восеньню Віталь завочна вучыўся на гістарычным факультэце БДУ. Пра дыплём гісторыка марыць зь дзяцінства. Кажа, у думках з марай ужо разьвітаўся, прынамсі адклаў яе надоўга.

«Хутчэй за ўсё, мяне адлічаць, калі ня здам сэсію, а я яе ня здам, бо пайшоў у страйк, паведаміў пра гэта ва ўнівэрсытэт. Лічу, што Сьвятлана Ціханоўская — законны прэзыдэнт і Лукашэнка мусіць сысьці, таму далучыўся да нацыянальнага страйку. Трэба быць пасьлядоўным», — кажа Віталь.

Ён кажа, што яго сталеньне прыпала на самыя першыя і, як ён лічыць, самыя цікавыя гады найноўшай гісторыі Беларусі. 8 клясаў сярэдняй школы скончыў у 1991 годзе, калі краіна займела незалежнасьць. «Памятаю, як на дакумэнтах і грошах зьявілася „Пагоня“, як упершыню ўбачыў на ўстанове бел-чырвона-белы сьцяг. Уразіла!» — згадвае свае эмоцыі Віталь. Далей ён пайшоў вучыцца ў прафэсійную вучэльню і скончыў яе ў 1994-м, якраз напярэдадні першых прэзыдэнцкіх выбараў.

«Памятаю расклееныя па горадзе партрэты шасьці кандыдатаў: Кебіч, Пазьняк, Лукашэнка... Дагэтуль захоўваю нумар раёнкі зь іх перадвыбарчай агітацыяй», — кажа Віталь Буйноўскі і ўзгадвае, як бацька, які галасаваў за Вячаслава Кебіча, пасьля другога туру шкадаваў, што ў выніку перамог Лукашэнка. «З гэтым парадку ня будзе», — успамінае, сьмеючыся, Віталь тагачасныя бацькавы словы.

Далей нацыянальнай сымболікі ў ягоным жыцьці стала яшчэ больш. Першы пашпарт — з «Пагоняй», дыплём — з «Пагоняй». «Мы з Кацяй ажаніліся ў 97-м, ужо пасьля рэфэрэндуму, які вярнуў гэты „савецкі“ сьцяг, але пасьведчаньне аб шлюбе атрымалі яшчэ з „Пагоняй“. Ну вось, а любімую, кажуць, не аддаюць».

Цікава, а як ягоны бацька галасаваў у жніўні 2020-га?

«Бацька кажа, што і цяпер за Лукашэнку таксама не галасаваў, але і нас у змаганьні за сьцяг не падтрымлівае. Кажа: „а хто замест яго?“ ды „краіну разваліце“. Ня тое каб ён з маці былі зусім на баку ўлады, не. Пагаворыш зь імі, патлумачыш — нібыта пагаджаюцца. А потым наглядзяцца БТ і зноў за сваё: „Вы нас падманваеце“. Ну што ты зь імі зробіш? Нам прасьцей, мы БТ не глядзім».

«Шалёная яўка на выбарах і... чарговы „аблом“»

Віталь перакананы, што ўлады сьвядома падманваюць простых грамадзянаў адносна бел-чырвона-белай сымболікі.

«На гістфаку, дзе я адвучыўся два гады, ня ставяць пад сумнеў гістарычнасьць гэтай сымболікі. Там большасьць, мяркую, за вяртаньне сьцяга і „Пагоні“ як дзяржаўных сымбаляў. Пра сьцяг нічога ня ўтойваюць: што быў зацьверджаны ўпершыню ў 1918-м, але колеры ўжываліся стагодзьдзі раней. Пра гісторыю герба „Пагоня“, якой сотні гадоў. Ня ўтойваюць, што падчас вайны калябарацыяністы карысталіся гэтай сымболікай, але прызнана, што баявых дзеяньняў пад ёю ніхто ня вёў, бо беларускіх вайсковых фармаваньняў не было. Нешматлікія атрады самапомачы — і толькі. Гэта армія Ўласава ваявала пад цяперашнім расейскім дзяржаўным трыкалёрам, але ж Пуцін ад яго не прапануе адмовіцца», — разважае Віталь Буйноўскі.

Віталь верыць, што нацыянальныя сымбалі стануць ізноў дзяржаўнымі. Ён сам зьдзіўлены прагрэсам, які адбыўся ў настроях жыхароў Дзяржынску ўсяго за лета і восень. Кажа, што яшчэ ў чэрвені бел-чырвона-белых сьцягоў у Дзяржынску пабачыць было амаль немагчыма. Тыя ж налепкі з нацыянальнымі колерамі мелі, можа, пару дзясяткаў кіроўцаў, як ён. У адзінак нацыянальны сьцяг вісеў у акне ці на доме. Але пачалася выбарчая кампанія, і ўлады, на думку Буйноўскага, сваімі рукамі зрабілі з жыхароў Дзяржынску апазыцыянэраў.

«Пачаўся збор подпісаў за кандыдатаў, першыя чэргі каля падпісчыкаў. Цікава. Людзі атрымалі надзею, паверылі, што іх голас нешта нарэшце будзе важыць. А тут проста на вуліцы ў Горадні нізавошта арышт Сяргея Ціханоўскага. Суцэльнае абурэньне! Потым нерэгістрацыя Віктара Бабарыкі — зноў гнеў. Пачалася агітацыйная частка выбарчай кампаніі, людзі паверылі, што змогуць аб’яднацца вакол Сьвятланы Ціханоўскай, зьвязалі зь ёй апошнюю надзею. Шалёная яўка на выбарах і... чарговы „аблом“. Афіцыйныя вынікі абурылі. На нашым участку, паводле кампаніі „Голас“ (а мы з жонкай таксама дасылалі туды свае фота бюлетэняў), Ціханоўская набрала недзе 70%, а Лукашэнка — толькі 20%. А яны даюць наадварот, нават Ціханоўскай меней за 10%. Ганьба! Плюс людзей пачалі зьбіваць — гэтага ўжо ня вытрывалі і пайшлі на вуліцу з нашым сьцягам», — кажа Віталь.

Ён перакананы, што бел-чырвона-белы сьцяг беларусы вярнулі сабе ў сумленным змаганьні і змогуць яго абараніць.

«Гэта сымбаль свабоды і барацьбы за праўду. І што, цяпер ад яго адступаць, калі пагражаюць штрафам? Дык гэта ж значыць адмовіцца ад нашай галоўнай мэты — жыць у вольнай краіне, жыць па справядлівасьці», — кажа пра сьцяг Віталь.

Паводле Віталя, у Дзяржынску папулярнасьць нацыянальнай сымболікі ня зьменшылася і пасьля пачатку рэпрэсій за яе выкарыстаньне.

«У нас яна вельмі папулярная. І не ў мяне аднаго сьцяг на доме, і людзі не саступаюць. Канечне, нехта прыбраў, але па кватэрах хаваюць тысячы. Амаль штодня ў нас ладзяцца акцыі са сьцягамі і „Пагоняй“, людзі не саступаюць. Нядаўна зьбіраліся і фатаграфаваліся з нашым сьцягам на вяршыні гары Дзяржынскай, а гэта самы высокі пункт у Беларусі. Прыйдзе час, і ўся Беларусь стане пад гэты сьцяг», — перакананы Віталь Буйноўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG