Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта не дэструктыўныя надпісы». На магілёўца завялі крымінальную справу за бел-чырвона-белыя палосы


«Дэструктыўныя надпісы» на ўскрайку гораду
«Дэструктыўныя надпісы» на ўскрайку гораду

52-гадовы магілёвец нанёс выявы бел-чырвона-белага сьцяга на слупах некалькіх вуліц на ўскрайку гораду, за што яго абвінавацілі ў вандалізьме. Мужчына тлумачыць, што гэтак адрэагаваў на зьняважлівыя выказваньні пра нацыянальную беларускую сымболіку.

Міліцыя адшукала дом, у якім ён жыве, з дапамогай службовага сабакі і зьняла пра гэта прапагандысцкі відэаролік, які разышоўся на дзяржаўнай тэлевізіі і праўладных тэлеграм-каналах.

Міліцыя выявіла «апазыцыйныя сымбалі» і «дэструктыўныя надпісы»

У публікацыі, разьмешчанай на сайце МУС, гаворыцца, што нарад Дэпартамэнту аховы 14 сьнежня выкрыў з дапамогай службовага сабакі «п’яную кампанію», якая ідучы дамоў пакідала «сьляды ў выглядзе бел-чырвона-белай сымболікі». У тэксьце яна названая «апазыцыйным сымбалем», а ў камэнтары на відэароліку супрацоўнік Дэпартамэнту кажа пра «дэструктыўны надпіс». У відэа называецца і паказвацца дом і адрас, куды прывёў нарад службовы сабака.

Адзначаецца, што прыватны дом міліцыянты блякавалі, а падазраваныя выйшлі на кантакт зь сьледча-апэратыўнай групай толькі праз тры гадзіны. На 52-гадовага гаспадара завялі крымінальную справу паводле 341-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Вандалізм»).

«Расфарбаваў у адказ на зьняважлівыя выказваньні пра нацыянальную сымболіку»

Большасьць пазначаных белымі і чырвонымі колерамі канструкцыяў на некалькіх вуліцах Дачнага пасёлку, што на ўскрайку гораду, застаюцца не зафарбаванымі дагэтуль. Мясцовага жыхара, супраць якога распачалі крымінальны перасьлед, завуць Вячаслаў. Ён ня ўтойвае, што зьяўляецца аўтарам бел-чырвона-белых графіці. Фарбу міліцыя адшукала ў гаражы, а да дому міліцыянтаў прывёў сабака.

Вячаслаў тлумачыць, што ідэя ўпрыгожыць белым і чырвоным колерамі тутэйшыя вуліцы зьявілася ў яго спантанна пад узьдзеяньнем эмоцыяў — у адказ на зьняважлівыя выказваньні пра нацыянальную сымболіку. Сваім учынкам ён выказваў грамадзянскую пазыцыю. Пра гэта ж сказаў і сьледчым.

«Бел-чырвона-белы сьцяг не забаронены, — кажа гаспадар дома. — Ён быў дзяржаўным, і Лукашэнка пад ім прымаў прысягу, уступаючы на пасаду прэзыдэнта ў 1994 годзе. Таму яго не лічу „дэструктыўным надпісам“, як гаворыцца ў паведамленьні міліцыі пра мяне».

Пасьля «выкрыцьця» адмовілі ў працаўладкаваньні

З абвінавачваньнем у вандалізьме Вячаслаў пагадзіўся і гатовы пакрыць шкоду. Спадзяецца, што пазьбегне жорсткага пакараньня. За «апаганьваньне будынкаў ці іншых збудаваньняў цынічнымі надпісамі, выявамі ў адсутнасьці прыкметаў больш цяжкога злачынства» яго могуць пакараць грамадзкімі работамі, штрафам ці арыштам да 3 месяцаў.

Вячаслаў кажа, што ў РАУС яго хацелі затрымліваць на тры дні, як падазраванага ў злачынстве, але пасьля прыступу цукроўкі «міліцыя пайшла яму насустрач, пакінуўшы на волі». Неўзабаве пасьля «выкрыцьця» ён атрымаў адмову ва ўладкаваньні на працу ва ўстанове адукацыі. Адзначае, што кіраўніцтва атрымала загад такога работніка ня браць.

Ён лічыць, што міліцыі нельга было адкрыта называць адрас дома, бо «цяпер сям’я асьцерагаецца правакацыяў з боку праціўнікаў бел-чырвона-белага сьцяга».

Паводле суразмоўцы, міліцыя наведалася 14 сьнежня, а напярэдадні ягоная сям’я адзначала дзень народзінаў сына. Ягоныя госьці ня мелі дачыненьня да расфарбоўваньня пасёлка. Гэта зрабіў ён сам.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG