Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Майму жыцьцю пагражала небясьпека». Магілёўскі блогер папрасіў палітычнага прытулку ў Літве


Андрэй Бодзілеў, архіўнае фота
Андрэй Бодзілеў, архіўнае фота

31-гадовы блогер з Магілёва Андрэй Бодзілеў пасьля жорсткага затрыманьня, допыту і ператрусу зьехаў у Літву, дзе папрасіў палітычнага прытулку. Ён кажа, што на радзіме заставацца яму не выпадала, бо існавала пагроза здароўю і жыцьцю.

Хто такі Андрэй Бодзілеў

  • Нарадзіўся ў Магілёве. Мае вышэйшую адукацыю
  • Жыве разам з маці-інвалідам, якую даглядае. У яе хранічнае захворваньне
  • У 2018 годзе стварыў экалягічную ініцыятыву «За здаровы Магілёў». Актыўна выступаў супраць будаўніцтва пад Магілёвам хімічных прадпрыемстваў
  • Адміністраваў некалькі тэлеграм-чатаў. Найбольш вядомы зь іх «Вольны беларус»
  • Падчас выбарчай кампаніі працаваў у камандзе Сьвятланы Ціханоўскай
  • З акцыяў пратэсту вёў стрымы. Ня раз трапляў за гэта пад адміністрацыйную адказнасьць

Пры затрыманьні білі

Андрэй Бодзілеў кажа, што 16 сьнежня невядомыя ў масках схапілі яго каля дому. Таксоўцы, якою ён ехаў на працу, перагарадзілі дарогу два мікрааўтобусы. Яго выцягнулі з машыны, паклалі тварам у сьнег, заламалі рукі, нацягнулі капюшон на твар і ўзяліся біць па галаве. Затым за рукі зацягнулі ў чорны мікрааўтобус. Дарогаю працягвалі біць па галаве. Адзін з байцоў пагражаў выціснуць яму вочы, калі ён за бел-чырвона-белы сьцяг.

Андрэй Бодзілеў пасьля затрыманьня
Андрэй Бодзілеў пасьля затрыманьня

З словаў Бодзілева, яго прывезьлі ва ўпраўленьне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю з разьбітым носам і пасадзілі на дзьве гадзіны пасярод кабінэту. Адзін з канваіраў запытаў, ці добра яму жывецца ў Беларусі.

«Я з сарказмам адказаў, што цяпер ужо вельмі цудоўна, і тут жа атрымаў удар кулаком у грудзіну», — згадвае актывіст.

На допыце Бодзілеў даведаўся, што ён сьведка ў крымінальнай справе, распачатай праз дывэрсію на чыгунцы. Апэратыўнік яму сказаў, што невядомыя нацягнулі між рэйкамі дрот, а ён нібыта ў чатах, якія адмініструе, раздаваў на гэты конт наказы. Але доказаў віны яму ніхто не прадставіў.

Бодзілеў адзначае, што апэратыўнік патрабаваў быць згодлівым, інакш страшыў: «прыйдуць байцы, якія цябе затрымлівалі». На допыце запісалі відэа, на якім ён кажа, што зьяўляецца адміністратарам тэлеграм-чату, і заклікае людзей не парушаць закон.

«Свае словы я здолеў перафармуляваць так, што мой зварот адрасуецца не грамадзянам, а сілавікам, якія акурат і парушаюць закон», — кажа Бодзілеў.

Цялесныя пашкоджаньні маюць крымінальнае паходжаньне

Пасьля допыту Андрэя Бодзілева завезьлі дамоў, дзе правялі вобшук. У пратаколе пазначана, што падчас ператрусу «нічога не вымалася» Актывіст адзначае, што апэратыўнік наказваў яму нікому не гаварыць пра абыходжаньне зь ім падчас затрыманьня і акалічнасьці справы.

Калі ж Андрэя адпусьцілі, ён пайшоў у траўмапункт, дзе заявіў аб пабіцьці невядомымі ў масках і зафіксаваў яго сьляды: удар грудзіны, сінякі. У даведцы адзначана, што пашкоджаньні маюць крымінальнае паходжаньне.

Даведка аб пабоях Андрэя Бодзілева
Даведка аб пабоях Андрэя Бодзілева

З словаў актывіста, пасьля візыту ў траўмапункт зь Ленінскага раённага аддзелу міліцыі сталі даймаць званкамі маці і выпытваць, дзе ён. Яму прапанавалі прыйсьці пагутарыць наконт пабіцьця ў аддзел. Ён паабяцаў наведацца назаўтра.

«Я зразумеў, што мяне ў спакоі не пакінуць і надышоў час зьяжджаць. Наступным днём я выправіўся ў дарогу», — кажа Андрэй Бодзілеў.

Ён лічыць, што прыцягнуў увагу міліцыі блогерскай і праваабарончай дзейнасьцю, а таксама ўдзелам у акцыях пратэсту.

«Трымаўся да апошняга...»

Цяпер Андрэй Бодзілеў у Літве. Ён афіцыйна зьвярнуўся да ўладаў па атрыманьне статусу палітычнага ўцекача. Актывіст кажа: зьяжджаць з радзімы не хацеў, але быў вымушаны. Перакананы, што наступным разам зь ім абышліся б больш жорстка.

«Я трымаўся да апошняга і не зьбіраўся зьяжджаць з радзімы, але цяпер майму жыцьцю і здароўю пагражае небясьпека», — сказаў Бодзілеў.

У Беларусь ён вернецца тады, калі ў ёй «кожны грамадзянін адчуе сябе пад аховай Канстытуцыі ды заканадаўства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG