Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каардынацыйная Рада адпрэчыла новыя абвінавачваньні на свой адрас


Прэсавая канфэрэнцыя Каардынацыйнай Рады, 18 жніўня 2020
Прэсавая канфэрэнцыя Каардынацыйнай Рады, 18 жніўня 2020

Каардынацыйная Рада (КР) па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з завядзеньнем супраць яе чальцоў новых крымінальных справаў

«Мы заўсёды дзейнічалі ў рамках прававога поля і ніколі не заклікалі да незаконных дзеяньняў. Мы працягваем настойваць на дыялёгу. Нашая мэта застаецца ранейшай — дыялёг для вырашэньня палітычнага крызісу» — адзначаецца ў заяве, якую цытуе БелаПАН.

«Каардынацыйная Рада ўпэўненая што ціск на чальцоў КР і абсурдныя абвінавачваньні — чарговая спроба пазбавіць беларусаў магчымасьці выбіраць сваю ўладу, выказваць сваё меркаваньне і змагацца за сваю свабоду. Легітымная ўлада не мае патрэбы ў рэпрэсіях » — заяўляе Рада.

У сувязі з завядзеньнем новых крымінальных справаў заяву выдала таксама Народнае антыкрызіснае кіраваньне, якое ўзначальвае чалец прэзыдыюму КР Павал Латушка. У заяве гаворыцца, што гэтыя дзеяньні ўладаў разглядаюцца як палітычна матываваныя, а «нелегітымны рэжым працягвае рэпрэсаваць і душыць праявы любога іншадумства».

21 сьнежня Генэральная пракуратура паведаміла, што прыняла рашэньне аб завядзеньні крымінальнай справы ў дачыненьні да шэрагу іншых асоб, сярод якіх Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікавай, Максім Знака, Павал Латушка, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі і іншыя.

Пракуратура называе падставай для справы «стварэньне экстрэмісцкага фарміраваныя і кіраўніцтва ім», паводле ч.1 арт.361-1 Крымінальнага кодэкса.

Пакараньне па гэтым артыкуле да 5 гадоў зьняволеньня.

У дачыненьні да Аляксея Лявончыка, які кіруе фондам дапамогі пацярпелым ад гвалту і рэпрэсій By_Help, i iншых грамадзян пракуратура распачала крымінальную справу ў сувязі з фінансаваньнем дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня – па арт.361-2 Крымінальнага кодэкса.

Крымінальныя справы перададзеныя ў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту.

Акрамя таго, па даручэньні Генэральнай пракуратуры Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненьні да сябраў Каардынацыйнай рады і іншых асоб па ч.1 арт.357 Крымінальнага кодэксу – змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Пакараньне па гэтым артыкуле да 12 гадоў зьняволеньня.

Як і чаму ўзьнікла Каардынацыйная рада

Каардынацыйная рада была створаная Сьвятланай Ціханоўскай пасьля сфальшаваных выбараў прэзыдэнта 9 жніўня з мэтай перамоваў з уладамі аб выхадзе з палітычнага крызісу, спыненьні гвалту і правядзеньні новых справядлівых выбараў. Але ўлады на дыялёг не пайшлі, а працягнулі рэпрэсіі супраць сябраў Каардынацыйнай рады. Цяпер Рада налічвае 5 тысячаў чальцоў, многія чальцы прэзыдыюму Рады знаходзяцца альбо ў турме, альбо за мяжой. Частка сябраў рады знаходзіцца ў Беларусі.

Прэзыдыюм Рады цалкам знаходзіцца або за мяжой, як Павал Латушка, Сьвятлана Алексіевіч, Сяргей Дылеўскі, Вольга Кавалькова, або ў турме, як Марыя Калесьнікава і Максім Знак. Лілія Ўласава знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезддзе, супраць яе вядзецца крымінальны перасьлед.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG