Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На відэа 12 жніўня з Фрунзэнскага РУУС Менску толькі малая частка катаваньняў, сьведчыць пацярпелы, які пазнаў сябе


Нага аднаго з затрыманых пасьля катаваньняў сілавікоў у выніку пратэстаў супраць сфальшаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі
Нага аднаго з затрыманых пасьля катаваньняў сілавікоў у выніку пратэстаў супраць сфальшаваных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі

Мужчына пазнаў сябе на відэа з катаваньнямі, якія адбываліся ў Фрунзэнскім РУУС у ноч з 11 на 12 жніўня. Ён сказаў, што запіс зафіксаваў далёка ня ўсе зьдзекі з затрыманых, і расказаў дэталі.

31-гадовы Кірыл пазнаў сябе на відэа з катаваньнямі і абразамі мірных пратэстоўцаў, якіх сілавікі затрымалі ў Менску, піша Onliner. Здымкі сцэн 12 жніўня з Фрунзэнскага РУУС са свавольлем міліцыянтаў трапілі да ініцыятывы BYPOL, якая займаецца расьсьледаваньнем злачынстваў сілавых структураў, падначаленых Лукашэнку.

Кірыл расказаў, што 11 жніўня прыкладна ў 21:30 ён разам зь сябрамі ехаў у бок праспэкту Пушкіна з Каменнай Горкі на самакаце. Па яго словах, браць удзел у мітынгу яны не плянавалі, але сілавікі затрымалі іх на сьвятлафоры ў раёне вуліцы Глебкі. Самакаты засталіся на дарозе, іх знайшоў і схаваў у сябе відавочца затрыманьня, каб потым аддаць уладальнікам.

У мікрааўтобусе затрыманых ня білі, а вось у самім Фрунзэнскім РУУС пачалі катаваць. Тры-чатыры супрацоўнікі загадалі легчы на падлогу і пачалі наносіць удары дубінкамі па шаломе, нагах і сьпіне. Усё гэта суправаджалася нецэнзурнымі выразамі і фразамі: «Хацелі пераменаў? Атрымайце».

Потым Кірыла зь сябрамі завялі ў спартовую залю, паставілі да сьцяны і білі далей. Мужчына адзначае, што яму «яшчэ ня так моцна дасталася. Напэўна, таму, што стараўся маўчаць і не варушыцца». Больш за ўсё дасталася хлопцам 18–19 гадоў, якіх узялі з «гарачых кропак». Калі ў іх знаходзілі бел-чырвона-белыя сьцягі, то пагражалі, што яны «на 8 гадоў паедуць у турму».

Затрыманы ў той вечар адзначае, што на відэа бачная толькі малая частка катаваньняў, бо «сілавікі тапталіся па тых, хто ляжаў, білі па руках электрашокерамі тых, хто стаяў на каленях. Дручком можна было атрымаць за тое, што паглядзеў супрацоўніку ў вочы».

«У нейкі момант мяне падвялі да аднаго зь іх, ён працягнуў мне 8–9 аркушаў нейкіх дакумэнтаў і сказаў падпісаць. Побач са мной стаяў іншы затрыманы, які паспрабаваў прачытаць свой пратакол. За гэта яго ўдарыў дубінкай амапавец, які стаяў ззаду. Спачатку па адной назе, потым па другой, ад гэтага чалавек упаў. Я вырашыў ня гледзячы падпісаць усё, што даюць».

Затым Кірыла і яшчэ некалькіх чалавек адправілі ў бэтоннае памяшканьне без вэнтыляцыі і прыбіральні (імаверна, размова ідзе пра так званы «стакан», куды зьмяшчаюць затрыманых перад афармленьнем у ізалятар часовага ўтрыманьня, — заўв. Свабоды), дзе вельмі хутка стала горача. Там людзі прабылі ўсю ноч.

Потым Кірыла адправілі ў ЦІП на Акрэсьціна, дзе ён правёў 3 дні. Са шматлікімі траўмамі выйшаў на волю, а потым яго аштрафавалі на 810 рублёў. Праверку па заяве Кірыла ў Сьледчы камітэт па факце супрацьпраўных дзеяньняў сілавікоў прыпынілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG