Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ёсьць тэрабайты файлаў з камэр відэаназіраньня». Хто і навошта зьлівае відэа зьбіваньня беларускімі сілавікамі


Менск, 1 лістапада 2020 г.
Менск, 1 лістапада 2020 г.

Ці сапраўды Аляксандар Лукашэнка страчвае падтрымку супрацоўнікаў праваахоўных органаў і што азначаюць выцекі відэа і сьпісаў ад сілавікоў?

Сябры ініцыятывы B_Pol, створанай былымі беларускімі сілавікамі, апублікавалі відэа з нагрудных рэгістратараў сілавікоў, якія разганялі акцыі пратэсту, і імёны людзей, у дачыненьні якіх можа весьціся «распрацоўка», гэта значыць, сакрэтнае назіраньне.

Раней часопіс Foreign Policy са спасылкай на Міжнародны аналітычны цэнтр ISANS (International Strategic Action Network for Security) паведаміў, што адток кадраў зь Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі моцна ўзрос пасьля выбараў.

Уладзімір Міхайлаў з тэлеканалу «Настоящее время» пагаварыў з Уладам Кобецам, выканаўчым дырэктарам міжнароднай сеткі ISANS.

— Улад, пасьля прагляду пятнічнага відэа, якое апублікавала BYPOL, у мяне ўзьнікае толькі адно пытаньне. Адкуль такая жорсткасьць? Як сілавікі згаджаюцца на такую працу? Магчыма, у вас ёсьць адказ?

— Я хацеў бы адзначыць, што ў краіне ўсталяваўся рэжым пэрсаналісцкай хунты. Мы прывыклі, што хунта — гэта калектыўны орган. У гэтым выпадку гэта рэжым аднаго чалавека, вакол якога на самай справе ня так шмат такіх верных сабак, якія робяць бясчынствы.

Ініцыятыва By_Pol узьнікла як рэакцыя на ўжываньне супраць людзей зброі, на гвалт, забойствы і катаваньні. Гэта дзясяткі, на сёньняшні дзень сотні афіцэраў, старшых афіцэраў, якія і працуюць унутры краіны і выехалі за мяжу, стварыўшы цэнтар гэтай ініцыятывы. Паводле іх зьвестак, толькі ў Галоўным упраўленьні МУС на канец жніўня ляжалі трыста рапартаў афіцэраў аб адстаўцы. Калі ў АМАП са студзеня ў сярэднім на месяц звальняюць па сем-дзевяць чалавек, то ў жніўні, верасьні і кастрычніку гэта было 30–40 чалавек. На іх месца ставілі маласпрактыкаваных байцоў, якія згаджаліся далей чыніць гэты гвалт.

У ініцыятывы ByPol маюцца тэрабайты файлаў з камэр відэаназіраньня. Як з камэр супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу, так і з камэр вонкавага відэаназіраньня. Маецца дакладная база дадзеных усіх пацярпелых, пачынаючы ад 9 жніўня, уключаючы інфармацыю аб тым, куды яны былі дастаўленыя, ў якую мэдычную ўстанову і які характар пашкоджаньня. Мінна-выбуховы характар пашкоджаньня даказвае ўжываньне сьвятлашумавых гранат непасрэдна па людзях. Менавіта гэта, паводле слоў аднаго з супрацоўнікаў Генпракуратуры, які пакінуў гэтую пасаду, і зьявілася прычынай адстаўкі многіх афіцэраў. Гэта тое, чаго Беларусь ня бачыла ніколі з часоў Другой сусьветнай вайны.

Працягваецца гвалт, мы бачым гэта на кадрах учорашніх падзеяў. Хацеў бы сказаць, што ініцыятыва ByPol дакумэнтуе гэтыя падзеі ў якасьці будучых доказаў для міжнароднай сьледчай групы. Якая, мы спадзяёмся, будзе створаная, паколькі такая рэкамэндацыя зьмяшчаецца ў дакумэнце, складзеным пасьля таго, як быў уключаны маскоўскі мэханізм АБСЭ.

— Улад, а ці можна цяпер казаць пра тое, што Лукашэнка губляе падтрымку сілавікоў, ці ўсё ня так адназначна?

— Паводле неафіцыйных зьвестак, якія мы таксама маем ад ByPol, да 80 працэнтаў асабовага складу органаў МУС не падтрымліваюць Лукашэнку. У выпадку разьвіцьця сытуацыі яны будуць дзейнічаць паводле абставінаў. Мы вельмі моцна цэнім мужнасьць тых афіцэраў, якія ўжо сышлі або якія, працягваючы працаваць, сабатуюць злачынныя загады. Мы маем інфармацыю ад ByPol, якім чынам утрымліваюцца людзі ў сыстэме. Гэта вельмі шмат нітачак, якія злучаюць людзей з працай, створаных апаратам.

Але, як я сказаў, крытычная маса складу ўнутраных войскаў, МУС, іншых сілавых структур не падтрымлівае Лукашэнку, бо Лукашэнка прайграў. Ён набраў ня больш за 15 працэнтаў на выбарах. Сьвятлана Ціханоўская была абраная, і гэта даказана шматлікімі дасьледаваньнямі.

— Ці можна казаць пра тых сілавікоў, якія цяпер працягваюць знаходзіцца на службе, што іх сыстэма фактычна ўзяла ў закладнікі? «Калі ты звольнісься, будзеш пратэставаць, мы пакажам відэа з тваім гвалтам і будзем цябе судзіць».

— У асноўным так. Але я б хацеў сказаць, што людзі, якія знаходзяцца ўнутры сыстэмы, яны сёньня, можа быць, больш важныя, чым тыя, хто ўжо сышоў. І тыя, і другія робяць сваю працу. Унутры сыстэмы, трэба разумець, калі чалавек сыходзіць, ён замяшчаецца менш адукаванымі кадрамі. Гэта таксама адзначаюць прадстаўнікі ByPol. Замест людзей з вышэйшай адукацыяй у сьледчыя органы прыходзяць людзі нават без вышэйшай адукацыі. Што зьніжае, па-першае, якасьць сьледзтва, па-другое, гэтыя людзі прыходзяць зусім ляяльнымі.

— Раскажыце, калі ласка, ці нядаўняе пагадненьне пра супрацоўніцтва беларускіх сілавікоў з «Росгвардыяй» азначае, што неўзабаве разганяць пратэсты ў Беларусі будуць ужо людзі з расейскім грамадзянствам?

— Я спадзяюся, што ў Крамлі разумеюць, што гэта ўжо будзе рубікон. Беларусь паказала падчас пратэстаў, што ад Берасьця да Оршы гэта адзін народ. У нас няма ганьбы ні Данбасу, ні Крыму. Тут няма ніякіх шанцаў стварыць нейкі лякальны прарасейскі анкляў. Беларусы ў абсалютнай большасьці падтрымліваюць незалежнасьць. Усе пратэсты былі супраць фальсыфікацыі выбараў. І людзі дэманстравалі менавіта адданасьць незалежнасьці. Любое ўваходжаньне людзей з расейскімі адметнымі знакамі на тэрыторыю Беларусі будзе азначаць незваротны працэс страты падтрымкі Расеі ў беларускім грамадзтве наогул і можа перайсьці да адкрытага канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG