Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Ляшчэня: «Улады ўверавалі ў перамогу над пратэстам і будуць цягнуць з канстытуцыйнай рэформай»


Ігар Ляшчэня, архіўнае фота
Ігар Ляшчэня, архіўнае фота

«Улада вырашыла не рызыкаваць з правядзеньнем рэфэрэндуму ў 2021 годзе», — напісаў Ляшчэня ў фэйсбуку.

Такую выснову ён зрабіў з камэнтару міністра фінансаў наконт выдзеленых у бюджэце 13,56 мільёна даляраў на правядзеньне «выбараў і рэфэрэндумаў». Міністар сказаў, што грошы пойдуць на мясцовыя выбары, якія мусяць адбыцца да 18 студзеня 2022 году.

«У нашай краіне ўсялякія цуды магчымыя, але сумяшчэньне выбараў у мясцовыя саветы з рэфэрэндумам малаімавернае, — напісаў Ляшчэня. — Ды і бюджэт на рэфэрэндум большым будзе».

«Гэта значыць, што боязна разварушыць народны „мурашнік“ рэфэрэндумам. Зразумела, што пра датэрміновыя выбары прэзыдэнта і гаворкі няма».

Ён нагадаў, што зьмены артыкулаў Канстытуцыі ў пытаньнях паўнамоцтваў прэзыдэнта, ураду і парлямэнту могуць прымацца толькі на рэфэрэндуме. І ні парлямэнт, ні ўсебеларускі народны сход тут рады не дадуць.

На думку Ляшчэні, гэта можа значыць, што «ў Палацы Незалежнасьці ўверавалі-такі ў сваю перамогу над пратэстам і вырашылі элегантна расьцягнуць канстытуцыйную рэформу дзесьці так на пяцігодку. Акурат да наступных плянавых выбараў прэзыдэнта».

«І, мяркуючы па ўсім, дужа разьлічваюць „узрадаваць“ Крэмль: усё, маўляў, сышло пад сьнег, усё супакоілася. Самі, маўляў, ва ўсім разабраліся.

Толькі ж сьнегу амаль няма... І сысьці ўсё можа толькі ў тарфянікі. Так-так, той самы нацыянальны пажар на тарфяным балоце», — падсумаваў Ляшчэня.

Ігара Ляшчэню звольнілі з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Славаччыне 24 жніўня — указ падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Раней дыплямат падтрымаў беларусаў, якія выходзілі на акцыі пратэсту ў Менску ды іншых гарадах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

«Я салідарны з тымі, хто выходзіў на вуліцы гарадоў зь мірнымі шэсьцямі, каб іх голас быў пачуты. Як ураджэнец Жодзіна я з вамі, рабочыя БелАЗу і заводу цяжкіх штамповак», — сказаў ён у адмысловым відэазвароце.

Гэта быў першы амбасадар Беларусі, які падтрымаў пратэстоўцаў. Ігар Ляшчэня адзначыў, што ён быў у шоку ад гісторый пра катаваньні і зьбіцьцё грамадзянаў сваёй краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG