Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Досьвед «старой апазыцыі» цяпер вельмі запатрабаваны, — Губарэвіч


Праймэрыз апазыцыйных палітыкаў, Гарадок. Павал Севярынец, Мікалай Казлоў, Юры Губарэвіч, Вольга Кавалькова, Аляксей Янукевіч, 6 сакавіка 2020

Лідэр руху „За свабоду“ Юры Губарэвіч апавядае пра адносіны паміж “старой” і “новай” апазыцыяй і адказвае на пытаньне, як сёньня варта ставіцца да “канстытуцыйных” прапановаў улады

Сьцісла:

— За апошнія месяцы — падчас прэзыдэнцкай кампаніі і пасьля — ўзьніклі такія паняцьці, як „новая апазыцыя” і „старая апазыцыя”. Пры гэтым у бок „старой апазыцыі” (маючы на ўвазе зарэгістраваныя апазыцыйныя структуры) часам гучыць даволі рэзкая крытыка, некаторыя знаходзяць ёй месца выключна ў гісторыі. Ці лічыце вы такі падзел абгрунтаваным і як увогуле ставіцеся да гэтых вызначэньняў?

— Я лічу, што сёньня кожны чалавек, які змагаецца за перамены, можа знайсьці, дзе прыкласьці свае намаганьні. Гэта тычыцца як актывістаў зарэгістраваных структураў, так і кожнага грамадзяніна. Сёньня асноўны акцэнт барацьбы за перамены перайшоў у сфэру адказнасьці кожнага чалавека. Усе тыя, хто змагаецца за перамены, знаходзяць для сябе нішу, як і дзе можна прыкласьці свае намаганьні — з улікам рызыкаў і ўласных магчымасьцяў.

Юры Губарэвіч
Юры Губарэвіч

Што да саміх структураў і партыяў, — то, напэўна, у грамадзтве сёньня няма вялікай у іх запатрабаванасьці. І раней, у час адсутнасьці выбараў, яны існавалі па-за сыстэмнай палітыкай, і зараз гэтыя структуры ня ёсьць нейкай сыстэмнай часткай пратэсту. І ня іх у гэтым віна. Рэжым карыстаецца старымі падыходамі, шукае лідэраў, шукае структуры — што, вядома, ускладняе магчымасьць палітычным структурам праяўляць сябе. Але, зь іншага боку, адсутнасьць арганізаваных структураў дапамагае пратэсту працягвацца ўжо чацьверты месяц.

— Калі людзі аналізуюць першыя дні пратэстаў, калі па нядзелях на вуліцы выходзілі сотні тысяч людзей, — то некаторыя лічаць, што тады не хапіла палітычнага лідэрства: сытуацыя магла б скласьціся па-іншаму. Ці лічыце вы, што нейкіх палітычных лідэраў не хапала ў жнівеньскія і верасьнёўскія дні?

— Не, я так не лічу. Людзі ведалі, што рабіць, усе гэтыя дні. Гэта і масавае назіраньне, і выхад на выбарчыя ўчасткі, каб дачакацца вынікаў выбараў, што паўплывала на некаторыя камісіі, якія агучылі рэальныя вынікі. Гэта і наступныя выхады на вуліцы па ўсёй Беларусі, і масавасьць пратэстаў. Наяўнасьць нейкіх фармальных лідэраў наўрад ці б нешта змяніла.

— Як выглядаюць зараз адносіны і кантакты паміж „новай” і „старой” апазыцыяй? Вядома, што некаторыя актывісты зарэгістраваных партыяў зараз актыўна працуюць у камандзе Ціханоўскай…

— Час камандаў кандыдатаў застаўся ў мінулым. Сёньня ідзе размова не пра тое, які зь лідэраў лепшы, а пра тое, як дасягнуць супольнай мэты, якая аб’ядноўвае людзей Беларусі. Гэта сыход тых, хто працягвае ўтрымліваць уладу, прайграўшы выбары, спыненьне гвалту і пакараньне за яго, а таксама новыя выбары. Пасьля дасягненьня гэтых мэтаў, магчыма, на палітычнае поле зноў вернуцца „каманды”, „кандыдаты” і гэтак далей.

— Ці магчыма цяперашнюю сытуацыю параўнаць, правесьці паралелі з канцом 1980-х, калі быў адзіны масавы рух БНФ, у якім часова аб’ядналіся самыя розныя паводле перакананьняў людзі?

— Натуральна, і падобныя рухі мелі ў сваёй гісторыі нашы суседзі. Можна параўнаць з „Салідарнасьцю” ў Польшчы, у якой былі прыхільнікі самых розных канцэпцыяў разьвіцьця дзяржавы, аб’яднаныя мэтай зрынаньня камуністычнага рэжыму. Потым ужо выхадцы з “Салідарнасьці” вялі паміж сабой цывілізаваную палітычную барацьбу за перамогу сваіх прынцыпаў і права кіраваць дзяржавай. Таму тут нічога новага, такія ж падзеі былі ў гісторыі многіх краінаў, якія сталі на шлях трансфармацыі.

— „Старая апазыцыя” мае вялікі досьвед змаганьня зь цяперашнім рэжымам (дзесяцігодзьдзі, а не некалькі месяцаў) у самых розных фарматаў — ад выбараў да вулічнай актыўнасьці і нават, як вы, напрыклад, удзел у мясцовых Саветах. Ці ёсьць запатрабаванасьць гэтага досьведу ў „новай” апазыцыі, ці хочуць яны пачуць і ўлічваць тое, праз што вы праходзілі?

— Прадстаўнікі руху “За свабоду” і на сёньня застаюцца на пярэдняй лініі змаганьня. Супраць нашых актывістаў узбуджаны крымінальныя справы, больш за сотню адміністрацыйна затрыманых, ідзе паляваньне на нашых актывістаў, якія дапамагаюць у дваровых чатах і раённых супольнасьцях. Натуральна, што калі чалавек меў досьвед працяглага супрацьстаяньня рэжыму — то такія актывісты робяцца нефармальнымі лідэрамі ў сваіх гарадах і супольнасьцях.

— Рэжым спрабуе прапанаваць варыянты нейкай канстытуцыйнай рэформы, каб супакоіць грамадзтва. Некаторыя з гэтых варыянтаў нібыта прадугледжваюць больш актыўны ўдзел зарэгістраваных палітычных партыяў у палітычным жыцьці. Па-вашаму, як трэба ставіцца да гэтых прапановаў?

— Размова пра канстытуцыйную рэформу — гэта спроба замыліць вочы грамадзтву, зьмяніць парадак дня, перавёўшы акцэнт з пратэстаў на нібыта трансфармацыю ўлады. Але сёньня з боку рэжыму не было агучана ніводнай канкрэтнай прапановы — як мусяць выглядаць гэтыя зьмены, якім чынам грамадзтва атрымае большыя правы на ўдзел у кіраваньні краінай. Натуральна, што адказ на гэтае пытаньне рэжым ня ў стане даць у сілу таго становішча, у якое ён сябе загнаў.

Бо ніводныя выбары нават па старых схемах рэжым ужо ня можа выйграць. Бо грамадзтва адчула сваю сілу, зразумела сваё права на кантроль за сытуацыяй. Таму наўрад ці рэжым агучыць хоць якую формулу, дзе прадстаўнікам грамадзтва будзе адведзена сур’ёзная роля, акрамя нямога ўдзельніка ў тых сцэнарах, якія захоча прапанаваць рэжым.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG