Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце Губарэвіч падаў заяву на пачатак крымінальнай справы супраць Лукашэнкі 


Юрась Губарэвіч на акцыі пратэсту, 25 жніўня 2020 году.
Юрась Губарэвіч на акцыі пратэсту, 25 жніўня 2020 году.

Сябра Каардынацыйнай рады дзеля ўрэгуляваньня палітычнага крызісу, старшыню руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча дапыталі ў Сьледчым камітэце.

Губарэвіч — сьведка ў крымінальнай справе аб стварэньні і дзейнасьці Каардынацыйнай рады за заклікі да захопу ўлады.

Як расказаў Юрась Губарэвіч агенцтву БелаПАН, яму задалі каля двух дзясяткаў пытаньняў. Фактычна на ўсе ён адмовіўся адказваць, каб гэта потым не было выкарыстана супраць яго. Падпіскі аб неразгалошваньні ён таксама ня даў.

«Падчас допыту я сказаў, што генпракурору неабходна прайсьці пераатэстацыю на прадмет службовай адпаведнасьці», — адзначыў Губарэвіч, патлумачыўшы, што кіраўнік ведамства бачыць склад злачынства ў працы Каардынацыйнай рады, але не заўважае злачынстваў, учыненых сілавікамі ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў.

20 жніўня генпракурор Аляксандар Канюк заявіў, што на падставе факту стварэньня і дзейнасьці Каардынацыйнай рады пачатая справа паводле арт. 361 КК («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»). На допыты выклікаліся чальцы прэзыдыюму, а таксама асноўнага складу Рады, уключна з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч.

Юрась Губарэвіч таксама расказаў, што перадаў у Сьледчы камітэт заяву на пачатак крымінальнай справы паводле арт. 357 ч. 3 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады, якія прывялі да гібелі людзей цi зьвязаныя з забойствам») у дачыненьні да грамадзяніна Аляксандра Лукашэнкі.

Як ён напісаў у заяве, грамадзянін Лукашэнка мог мець «непасрэднае дачыненьне да замовы і арганізацыі маштабных фальсыфікацый вынікаў галасаваньня на выбарах прэзыдэнта, якія выявіліся ў падробках пратаколаў, нядопуску назіральнікаў і іншых парушэньнях выбарчага працэсу».

Акрамя таго, адзначае Губарэвіч, грамадзянін Лукашэнка «з дапамогай падпарадкаваных яму службовых асобаў мог мець непасрэднае дачыненьне да фактаў нематываванага і празьмернага ўжываньня сілы да мірных дэманстрантаў, затрыманьняў, зьбіцьця і катаваньняў, а таксама пацьверджаных выпадкаў гвалтоўнай сьмерці ўдзельнікаў мірных акцый».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG