Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: «Афіцыйных кантактаў з Расеяй у нас не было. На вялікі жаль»


Сьвятлана Ціханоўская. Бэрлін, 14 сьнежня.

Улады Беларусі ператварыліся ў тэрарыстычныя арганізацыі, якія трымаюць у страху ўвесь беларускі народ, заявіла Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская падчас свайго візыту ў Нямеччыну, дзе яна сустрэлася з прэзыдэнтам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, дала інтэрвію «Нямецкай хвалі».

Раней мы былі ўпэўненыя, што справімся самі, але бачым, што рэжым занадта моцны і нам патрэбна дапамога, заявіла між іншага яна.

— На якую канкрэтна дапамогу вы разьлічваеце?

— На розную. Нам цяпер важная любая дапамога. Стала відавочна, што гвалт рэжыму ня ведае межаў, ён не цураецца ніякіх спосабаў ціску на звычайных людзей. Улады ператварыліся ў тэрарыстычныя арганізацыі, якія трымаюць у страху ўвесь беларускі народ. І нам патрэбна дапамога як унутры Беларусі, каб падтрымаць людзей, якія цярпяць пастаянны прэсінг з боку рэжыму, так і за межамі краіны — я маю на ўвазе міжнародны ціск.

— Лех Валэнса сказаў, што вам трэба весьці перамовы ў першую чаргу з Расеяй, і патрэбныя людзі, якія ўмеюць весьці такія перамовы. Як вы ставіцеся да парады былога першага лідэра прафсаюза «Салідарнасьць» і прэзыдэнта Польшчы?

— Мы з самага пачатку гаварылі пра перамовы, мы да гэтага заклікалі, мы шукалі розныя спосабы пачаць такія перамовы, мы шмат разоў зьвярталіся да Расеі, кажучы, што мы адкрытыя да дыялёгу. Мы зьвярталіся да Эўразьвязу, да АБСЭ з просьбай прадставіць плятформу для такіх перамоваў.

Мы разумеем, што прадстаўнікі Расейскай Фэдэрацыі як нашы найбліжэйшыя суседзі абавязкова павінны быць за сталом перамоваў, гэтак жа сама, як Украіна, Літва, Польшча і ўсе лідэры дэмакратычных краін, каб разумець, пра што мы там гаворым. Мы ня хочам дзесьці там у кулюарах пра нешта дамаўляцца. Гэта павінна быць адкрыта. І ня трэба казаць, што толькі Расея павінна вырашаць, што будзе зь Беларусьсю, самі беларусы павінны вызначаць свой лёс.

— Але з Масквы хоць нейкія сыгналы паступаюць? Хоць нейкія кантакты ёсьць?

— Афіцыйных кантактаў з Расеяй у нас не было. На вялікі жаль.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская?

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў эміграцыі. Жыве ў Літве.

15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў зьняволеньні, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.

Кандыдатам у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня.

Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся са штабам Сьвятланы Ціханоўскай і правялі пасьпяховую выбарчую кампанію са шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК для таго, каб іх абскардзіць.

З ЦВК палітык не вярнулася. Зь ёй зьнікла сувязь, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом. Абставіны і ўмовы свайго ад’езду зь Беларусі Ціханоўская дагэтуль не разгалошвае і тлумачыць гэта меркаваньнямі бясьпекі.

Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».

18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.

10 верасьня Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.

На працягу верасьня 2020 году шэраг замежных краін, у тым ліку ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Нямеччына, Данія, Швэцыя, Польшча, Чэхія, Літва, Латвія, Эстонія, заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным лідэрам Беларусі. У гэтых умовах увага сусьветных палітыкаў усё больш перамяшчаецца да Сьвятланы Ціханоўскай.

У верасьні-кастрычніку адбыліся яе сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, прэзыдэнтам Славаччыны Зузанай Чапутавай, прэм’ер-міністрамі Польшчы і Славаччыны, міністрамі замежных спраў Аўстрыі, Грэцыі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Славаччыны.

Ціханоўская выступае за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікае міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG