Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Times: Навальнага другі раз спрабавалі атруціць у омскім шпіталі


Аляксей Навальны

Брытанская газэта The Times з спасылкай на ананімныя крыніцы ў заходняй выведцы паведаміла, што расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага спрабавалі другі раз атруціць «Навічком» ужо пасьля шпіталізацыі ў Омску.

Другая доза атруты, як мяркуюць, мела трапіць у арганізм ахвяры непасрэдна перад вылетам спэцыяльнага самалёта з Омску ў Бэрлін.

Ні адна з спробаў атручэньня не ўдалася дзякуючы таму, што лекары хуткай дапамогі адразу пасьля прызямленьня самалёта ў Омску ўвялі Навальнаму атрапін у якасьці антыдоту.

Выглядае, гэты антыдот уратаваў яго і ад другога замаху, піша The Times.

Паводле выданьня, першую дозу «Навічка» агенты расейскіх спэцслужбаў нанесьлі ў гасьцінічным нумары ў Томску на ніжнюю бялізну і на папругу Навальнага.

Расейскія ўлады адмаўляюць сваю датычнасьць да атручэньня Навальнага і адмаўляюцца яго расьсьледаваць.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 10 сьнежня заявіў, што «калі чалавек ледзьве не памёр, гэта ня значыць, што трэба з усялякай нагоды адкрываць крымінальную справу, але праверка праводзіцца».

Навальнаму стала блага 20 жніўня ў самалёце, які ляцеў з Томску ў Маскву. Самалёт тэрмінова сеў у Омску. Навальнага шпіталізавалі, а потым вывезьлі ў нямецкую клініку.

У арганізьме палітыка знайшлі сьляды «Навічка». Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель запатрабавала ад Расеі тлумачэньняў.

Эўразьвяз у кастрычніку ўвёў санкцыі супраць шасьці расейскіх чыноўнікаў і дзяржаўнага НДІ арганічнай хіміі і тэхналёгіі, дзе, як лічаць у ЭЗ, распрацавалі атруту.

Навальны цяпер праходзіць рэабілітацыю ў Нямеччыне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG