Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне такі крок Нацбанку зьдзівіў». Сузаснавальнік фонду By_Нelp пацьвердзіў, што банкі вяртаюць сьпісаныя сродкі


Сузаснавальнік фонду By_Нelp Аляксей Лявончык
Сузаснавальнік фонду By_Нelp Аляксей Лявончык

Аднак ідзецца толькі пра вяртаньне грошай зь іншых крыніц. Сумы, атрыманыя ад фонду By_Нelp, па-ранейшаму заблякаваныя.

Менчука Вадзіма Касьпяровіча затрымалі 12 жніўня, калі ён выйшаў на вуліцы Менску з адзіночным пікетам. Трымаў у руках плякат са словам «Забастоўка».

«Білі спачатку ў Савецкім РУУС цягам дня і ночы, — расказвае Вадзім Свабодзе. — Пасьля перавезьлі на Акрэсьціна, адтуль ужо забралі на „хуткай“. Пасьля ў жніўні я падаў заяву на дапамогу ў фонд By_Нelp. У канцы верасьня — пачатку кастрычніка атрымаў грошы. Гэта было штосьці каля 900 эўра. Прадбачыў, што грошы могуць заблякаваць, таму я іх зьняў, і карта была пустая».

На пачатку лістапада Вадзім даведаўся з навінаў, што Сьледчы камітэт блякуе атрыманыя беларусамі сумы дапамогі, і вырашыў праверыць свой рахунак. Кажа, што там было ўжо мінус 2700 рублёў.

«Ніякіх тлумачэньняў я не атрымліваў, — працягвае Вадзім. — Давялося пісаць у банк. Там сказалі, што гэта зроблена паводле пастановы цэнтральнага апарату СК і трэба зьвяртацца туды. Я спрабаваў закрыць гэты рахунак, мне сказалі пісаць зварот. Трэцяга сьнежня атрымаў афіцыйны адказ. Там гаварылася, што рахунак зь мінусам я закрыць не магу. Там жа былі прапісаныя сумы мінусаў. А пазаўчора туды дадалося яшчэ два штрафы, яны былі сьпісаныя, паводле інтэрнэт-банкінгу, яшчэ 20 лістапада».

10 сьнежня Вадзім заўважыў, што ранейшы «мінус» памерам 2700 рублёў зьнік. Засталася толькі запазычанасьць у штрафах — 1186 рублёў. Цяпер ён за мяжой.

У той жа дзень, 10 сьнежня, стала вядома, што яшчэ на пачатку месяца Нацыянальны банк удакладніў, якія сумы могуць быць заблякаваныя ў межах распачатай супраць сузаснавальніка фонду By_Нelp Аляксея Лявончыка крымінальнай справы. Паводле гэтых удакладненьняў, заблякаваць Сьледчы камітэт мае права толькі канкрэтна тыя грошы, якія пацярпелым рассылаў сам Лявончык. Усе іншыя грошы блякаваць нельга.

«Паводле паведамленьня Нацыянальнага банку, калі я камусьці даслаў, скажам, 2000 рублёў, то СК можа накласьці арышт толькі на гэтыя грошы, — тлумачыць сытуацыю ў размове са Свабодай сам Лявончык. — Нельга накласьці арышт на грошы з заробку альбо пэнсіі. Калі чалавек ня зьняў атрыманых ад мяне грошай, то ён іх страчвае. Але калі чалавек атрымаў ад мяне сродкі і зьняў іх, то кампэнсаваць іх зь іншых крыніц нельга. Шмат банкаў вяртаюць грошы, гэта праўда. Пазаўчора нам было вядома пра 5 такіх выпадкаў, учора ўжо былі дзясяткі. Думаю, ня ўсе банкі пакуль ведаюць пра гэта, іх трэба проста падштурхнуць».

Аляксей Лявончык таксама кажа, што дагэтуль яшчэ ня ведае пра поўную колькасьць рахункаў з заблякаванымі сродкамі. Ня ўсе, хто атрымліваў дапамогу, маюць зараз сувязь з фондам. Сузаснавальнік фонду кажа, што By_Нelp працягвае актыўна выплочваць сумы грашовай дапамогі пацярпелым, цяпер для гэтага ўжываюцца іншыя мэханізмы.

«Мяне такі крок Нацыянальнага банку вельмі зьдзівіў, я не чакаў такой лібэралізацыі, — гаворыць Аляксей Лявончык. — Я вельмі рады, што людзям, якія зьнялі грошы, вяртаюць тое, што яны мелі зь іншых крыніц. Гэта добра. Думаю, што банкі паступова ўсім вернуць сумы».

Пра крымінальную справу супраць самога Лявончыка, заведзеную СК Беларусі, пакуль нічога невядома. Беларускія праваахоўнікі зьвязвацца з падазраваным не спрабавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG