Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Журналістамі году» назвалі Кацярыну Андрэеву, Кацярыну Барысевіч і Дарʼю Чульцову, якія цяпер за кратамі


Праваабарончая супольнасьць назвала ляўрэатаў і ляўрэатак Нацыянальнай прэміі ў трох намінацыях: «Журналіст году», «Праваабаронца году», «Кампанія / ініцыятыва году», паведаміла БАЖ.

У намінацыі «Журналіст году» пераможцамі названыя Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова і Кацярына Барысевіч.

Кацярына Андрэева

Журналістка «Белсата». Вядомая вядоўца стрымаў з актуальных падзей у Беларусі. Ня раз была затрыманая і аштрафаваная за прафэсійную дзейнасьць. Суаўтар дакумэнтальнай кнігі «Беларускі Данбас». 15 лістапада Кацярыну затрымалі, калі яна вяла стрым з «плошчы Пераменаў»; 20 лістапада яе абвінавацілі паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Прызнаная палітзьняволенай.

Кацярына Барысевіч

Журналістка TUT.BY. Працавала на «Беларускім радыё» і «Эўрарадыё», дзевяць гадоў была аглядальніцай беларускай рэдакцыі «Комсомольской правды». Аўтар шматлікіх судовых рэпартажаў; уваходзіць у групу аўтараў спэцпраекту «Калі да вас прыйшлі», дзе ў малюнках, відэа і кароткіх тэкстах цягам году давалі падрабязныя юрыдычныя парады, як паводзіцца пры затрыманьні, допыце і г. д. Падчас і пасьля выбараў 2020 году рабіла матэрыялы, прысьвечаныя рэалізацыі правоў і свабодаў чалавека. За прафэсійную дзейнасьць — падрыхтоўку матэрыялаў аб гібелі Рамана Бандарэнкі — арыштаваная і абвінавачаная паводле крымінальнага артыкулу 178 (ч. 3) за выдаваньне мэдыцынскай тайны, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Прызнаная палітзьняволенай.

Дарʼя Чульцова

Апэратарка «Белсату». Ня раз была пакараная за прафэсійную дзейнасьць: у 2019 годзе атрымала штраф за сюжэт пра чыноўніка Андрэя Кунцэвіча; у 2020 годзе — за рэпартаж з акцыі пратэсту аўтамабілістаў супраць падвышэньня цэнаў на бэнзін.

15 лістапада працавала разам з Кацярынай Андрэевай над стрымам з «плошчы Перамен», іх разам затрымалі. Падазраваная паводле арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле — пазбаўленьне волі на 3 гады. Прызнаная палітзьняволенай.

«Праваабаронца году» — Тацьцяна Агеева. Узнагароджаная пасьмяротна


Адвакат са стажам 30 гадоў; 8 гадоў праваабарончай дзейнасьці. Пасьля Плошчы-2010 Тацьцяну Агееву пазбавілі ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасьць.

Тацьцяна Агеева дапамагала Цэнтру прававой трансфармацыі, супрацоўнічала зь Беларускім дакумэнтацыйным цэнтрам. Аўтар больш чым дзесяці індывідуальных зваротаў у КПЧ ААН. Адзін зь іх — ад імя маці палітыка Юрыя Захаранкі. Аўтар шматлікіх публікацый і аналітычных аглядаў (грамадзкі кантроль за месцамі несвабоды, права ахвяраў палітычных рэпрэсій, абскарджваньне дзеяньняў службовых асобаў, незалежнасьць судовай сыстэмы, самакіраваньне адвакатуры і інш.). У 2016–2017 гадах уваходзіла ў рабочую групу падрыхтоўкі Прынцыпаў дзейнасьці беларускіх праваабаронцаў, прымала ўдзел у супольных праваабарончых праектах.

Тацьцяна Агеева — аўтар рэкамэндацый у праект Закону «Аб зьменах і дапаўненьнях у некаторыя законы аб удасканальваньні дзейнасьці адвакатуры» ад імя беларускіх праваабаронцаў.

Сваю прафэсійную дзейнасьць Тацьцяна Агеева прысьвяціла абароне правоў, падвышэньню аўтарытэту праваабаронцаў у беларускім грамадзтве, умацаваньню ролі права і правасудзьдзя, незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў.

«Праваабарончая кампанія году» — ініцыятыва #ByCOVID19.


Валянтэрская ініцыятыва, якая арганізавала дабрачынныя зборы сродкаў у падтрымку мэдыкаў Беларусі падчас першай хвалі каранавірусу ў сакавіку – чэрвені 2020 году. Ініцыятыва абʼяднала больш за 1500 валянтэраў па ўсёй Беларусі. Праз краўдфандынг сабралі рэкордную на той момант суму грошай: звыш 360 000 даляраў, на якія закупілі больш за 450 000 адзінак сродкаў індывідуальнай засьцярогі.

Нацыянальная прэмія беларускіх праваабаронцаў за дасягненьні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе «Праваабарончым альянсам». З 2011 году яна зьяўляецца агульнай ад усёй беларускай праваабарончай супольнасьці. Прэміяй за абарону каштоўнасьцяў правоў чалавека штогод адзначаецца «Праваабаронца году», «Журналіст году», «Адвакат году» (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 годзе — «Кампанія / ініцыятыва году».

У арганізацыйны камітэт прэміі ўваходзяць ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Камітэт «Салідарнасьць», Цэнтар прававой трансфармацыі, Праваабарончы альянс, Прававая ініцыятыва, Грамадзкая ініцыятыва супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG