Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У жніўні 2020 году, калі адключалі інтэрнэт, сэрвісам Psiphon скарысталіся 2,5 млн беларусаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад сярэдзіны жніўня, калі ў Беларусі ўпершыню заблякавалі інтэрнэт, беларускія карыстальнікі прапусцілі 4,81 пэтабайта (або 4810 тэрабайтаў) трафіку праз праграму Psiphon.

Пра гэта «Эўрарадыё» расказаў сузаснавальнік кампаніі Майкл Гол.

Psiphon стаў шырока вядомы беларусам сёлета. Дзякуючы гэтай праграме можна абысьці блякаваньне інтэрнэту. 9–11 жніўня гэта быў адзін зь нешматлікіх сэрвісаў, які стабільна даваў доступ да «замежнага» сеціва. Пазьней працавалі і іншыя, але ў першыя дні ён быў самы надзейны.

Папулярны ён і сёньня, але пікі прыпадаюць у асноўным на нядзелі. Напрыклад, 6 сьнежня беларускія карыстальнікі падключаліся да Psiphon 1,234 млн разоў.

Майкл Гол расказаў «Эўрарадыё», што ў жніўні колькасьць беларускіх карыстальнікаў было амаль 2,5 млн — ці не палова ўсяго дарослага насельніцтва краіны. Калі інтэрнэт сталі адключаць толькі ў нядзелі, лічба зьменшылася, але ўсё роўна ўражвае. Так, у лістападзе Psiphon выкарыстоўвалі больш за 312 тысяч беларусаў.

Як Psiphon, створанаму адмыслова для барацьбы з інтэрнэт-цэнзурай у аўтарытарных дзяржавах, удаецца абыходзіць абмежаваньні?

«Psiphon мае дзевяць наладжвальных пратаколаў, прызначаных для абыходу ўсіх відаў блякаваньня, — кажа Майкл Гол. — DPI — гэта новае пакаленьне фільтрацыі, якое зьяўляецца найбольш складаным, бо яна выконваецца ў рэжыме рэальнага часу. Тым ня менш Psiphon змог „заблытаць“ і абысьці сыстэму фільтрацыі DPI ў Беларусі. Іншыя VPN-сэрвісы проста не гатовыя для барацьбы з такімі складанымі выклікамі».

Пры гэтым, адзначае Майкл Гол, улады Беларусі вельмі сур’ёзна падышлі да пытаньня блякаваньня інтэрнэту.

«Беларусь выкарыстоўвае практычна ўсе наяўныя мэтодыкі. Пералічваць іх ня мае сэнсу, бо ўсе яны ўзаемазьвязаныя, — адзначае ён. — Аднак пакуль усё, што выкарыстоўваецца тут для інтэрнэт-цэнзуры, можна абыходзіць».

Вядома як мінімум пра адну кампанію, якая прадала беларускім уладам тэхналёгіі для блякаваньня. Гэта амэрыканская Sandvine. Абсталяванне для DPI беларускія ўлады спрабавалі закупіць яшчэ ў 2018 годзе, былі закладзеныя выдаткі ў памеры 2,5 мільёна долараў. Аднак у выніку ўгода адбылася без усялякіх тэндэраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG