Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія А1 заявіла, што, калі не выконваць загадаў улады, без інтэрнэту і сувязі застанецца ўся Беларусь


Лягатып Аўстрыя Тэлеком Груп, якая валодае беларускім апэратарам А1 (былы Velcom).

Міжнародная кааліцыя #KeepItOn апублікавала адкрыты ліст з заклікам да пастаўшчыкоў тэлекамунікацыйных паслуг у Беларусі супрацьдзейнічаць адключэньню інтэрнэту.

У тэксьце звароту зьмяшчаецца заклік кіраўніцтву апэратара А1 да «асуджэньня такіх дзеяньняў і ўзяцьця на сябе адказнасьці». У кампаніі падзяліліся з Tut.by адказам на адкрыты ліст.

#KeepItOn — міжнародная кааліцыя, якая змагаецца з адключэньнем інтэрнэту па ўсім сьвеце і аб’ядноўвае больш за 220 арганізацый з 99 краін.

«Аўстрыйская A1 Telekom Austria Group павінна прызнаць сваю ролю ў адключэньні інтэрнэту ў Беларусі, падтрымліваць прынцыпы свабоднага і адкрытага інтэрнэту, а таксама супрацьстаяць будучыняй загадам ураду перашкаджаць доступу ў сеціва», — гаворыцца ў заяве.

Што адказала А1

У сваім адказе А1 заявіла, што, як і ўсе іншыя апэратары ў Беларусі, кампанія адчувае складанасьці ў забесьпячэньні паслугамі кліентаў як з прычыны захадаў дзяржаўных правайдэраў, якім належыць манапольны доступ да вонкавага каналу сувязі, так і празь неабходнасьць выкананьня патрабаваньняў упаўнаважаных органаў на зніжэньне прапускной здольнасьці мабільнага інтэрнэту.

Аўстрыйскі холдынг A1 Telekom Austria Group раней публічна камэнтаваў пазыцыю сваёй даччынай кампаніі ў адрас Эўрапейскай асацыяцыі апэратараў тэлекамунікацыйных сетак.

«А1 ня можа прапаноўваць паслугі сувязі бяз доступу да манапалізаваных дзяржавай сэрвісаў. Нацыянальная і міжнародная, галасавая сувязь і інтэрнэт — усё гэта знаходзіцца пад поўным кантролем дзяржорганаў».

У адказе прадстаўнікі A1 адзначаюць, што невыкананьне патрабаваньняў ўпаўнаважаных органаў можа стаць прычынай больш шырокага спэктру абмежавальных захадаў.

«Абмежаваньне доступу да інтэрнэт-паслугаў не ляжыць ні ў плоскасьці інтарэсаў кампаніі, ні яе кліентаў. Аднак, як і ў любой краіне, мы мусім выконваць мясцовыя заканадаўчыя і нарматыўныя патрабаваньні. У іншым выпадку наступствы могуць мець значна больш маштабны характар. У прыватнасьці, прывесьці да абмежаваньня доступу карыстальнікаў да ўсіх паслуг як праз мабільны, так і фіксаваны інтэрнэт», — гаворыцца ў адказе на адкрыты зварот #KeepItOn.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG