Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абанэнты А1 падалі ў суд на апэратара, патрабуюць кампэнсацыю за блякаваньне мабільнага інтэрнэту 


27 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску прайшло папярэдняе паседжаньне ў справе, зьвязанай з абмежаваньнямі мабільнага інтэрнэту ў жніўні. Пазоў на кампанію А1 падалі некалькі абанэнтаў, незадаволеных атрыманай кампэнсацыяй.

Судзьдзя ў працэсе — Тацяна Скопец, прадстаўнікі А1 адсутнічалі, перадае Tut.by.

Па словах адваката Сяргея Зікрацкага, які прадстаўляе інтарэсы групы грамадзянаў, гаворка пра адсутнасьць доступу да мабільнага інтэрнэту 9-11 жніўня. Кампанія А1 кампэнсавала страты абанэнтам за гэтыя даты, аднак пазоўнікі патрабуюць зьменшыць кошт паслугі ў памеры 100% абанэнцкай платы за кожны дзень адсутнасьці сэрвісу.

Акрамя таго, яны патрабуюць кампэнсацыі маральнай шкоды па 100 рублёў кожнаму і спагнаньня з пазванага выдаткаў на аказаньне юрыдычнай дапамогі.

Адвакат заявіў хадайніцтва, у якім папрасіў абавязаць кампанію А1 выканаць заяўленыя патрабаваньні, а таксама даць тлумачэньне прычынаў неаказаньня паслуг, прапісаных у дамовах.

Пазоўнікі падтрымалі хадайніцтвы, суд іх таксама задаволіў. Асноўнае паседжаньне адбудзецца 25 лістапада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG