Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпрэсіі недапушчальныя!». Больш за 500 навукоўцаў выступілі ў абарону звольненых калегаў


Акцыя супраць гвалту ля Інстытуту гісторыі НАН

Больш за паўтысячы навукоўцаў падпісаліся пад адкрытым лістом супраць рэпрэсіяў.

Падставай стаў перасьлед за грамадзянскую пазыцыю супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі і Інстытуту агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук.

Гэта кандыдаты гістарычных навук Мікалай Волкаў, Аляксей Шаланда, Кацярына Крывічаніна, кандыдат філялягічных навук Аляксандар Жлутка, навуковыя супрацоўнікі Андрэй Радаман, Тацяна Папоўская, Уладзімер Шыпіла, а таксама Сяргей Бесараб.

«Мы, прадстаўнікі акадэмічнай навукі, выказваем занепакоенасьць звальненьнямі супрацоўнікаў, якія бяруць актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці, — адзначаецца ў звароце. — Так, стала вядома аб непрацягненьні кантрактаў цэлай групе высокакваліфікаваных навукоўцаў Інстытуту гісторыі. Асаблівую трывогу выклікае тое, што яны атрымалі паведамленьні аб непрацягненьні кантрактаў неўзабаве пасьля таго, як падрыхтавалі незалежныя экспэртныя заключэньні ў пытаньнях, што найбольш востра хвалююць беларускае грамадзтва. Рэпрэсіі ў адносінах да тых, хто выконвае свае прафэсійныя абавязкі, недапушчальныя!»

Падпісанты адзначаюць, што пацярпелыя ад рэпрэсіяў маюць высокую кваліфікацыю, мноства публікацыяў, патэнтаў, добрую рэпутацыю ў міжнароднай навуковай сфэры. На жаль, сьпіс рэпрэсаваных пастаянна папаўняецца, удакладняюць яны.

«Агучаныя фармальныя падставы звальненьня супрацоўнікаў выклікаюць у нас абгрунтаваныя сумненьні. Мы ўпэўненыя, што страта каштоўных навуковых кадраў выкліча заўважнае зьніжэньне якасьці дасьледаваньняў у кірунках, якія разьвівалі канкрэтныя навукоўцы. Тым больш, што многія тэмы дасьледаваньняў маюць істотны інтарэс для беларускага грамадзтва і дзяржавы. Апрача гэтага, абставіны звальненьняў кідаюць цень на рэпутацыю Акадэміі навук і яе інстытутаў, падрываюць давер да кіраўніцтва і ствараюць нэгатыўную працоўную атмасфэру».

Навукоўцы заклікаюць кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук і яе інстытутаў адмовіцца ад практыкі палітычна матываваных скарачэньняў і ціску і адшукаць магчымасьць працягнуць кантракты рэпрэсаваным супрацоўнікам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG