Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы сыходзім з 1 студзеня». Гісторыкі расказалі, чаму масава звальняюцца з Акадэміі навук


Супрацоўнікі Інстытуту гісторыі НАН Беларусі. Акцыя супраць насільля

У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі не працягнулі кантракт семярым гісторыкам. Гэта ўнікальныя спэцыялісты. На знак салідарнасьці зь імі сыходзяць іх калегі.

У Інстытуце гісторыі не працягнулі кантракт семярым гісторыкам:

  • Кандыдат гістарычных навук Мікола Волкаў, сфэра інтарэсаў — горадабудаўніцтва і артылерыя ВКЛ
  • Кандыдат гістарычных навук Аляксей Шаланда — спэцыяліст у геральдыцы і нумізматыцы
  • Кацярына Крывічаніна, вывучае гісторыю міжнароднага супрацоўніцтва ў наступствах чарнобыльскай аварыі
  • Кандыдат гістарычных навук Аляксандар Жлутка, адзіны спэцыяліст па лацінскай мове ў Інстытуце гісторыі і дасьледчык жыцьця і дзейнасьці Францішка Скарыны
  • Андрэй Радаман, навуковы супрацоўнік аддзелу генэалёгіі, геральдыкі і нумізматыкі, спэцыяліст у галіне права часоў ВКЛ
  • Тацяна Папоўская, навуковы супрацоўнік цэнтру ўсеагульнай гісторыі, сярод іншага, вывучае гісторыю беларускай дыяспары за мяжой
  • Уладзімер Шыпіла, навуковы супрацоўнік аддзелу антрапалёгіі

Чатырох з названых затрымлівалі падчас акцый пратэсту, трое адседзелі суткі.

«Адмаўляюся ад падпісаньня кантракту, кіруючыся маральнымі крытэрамі»

На знак салідарнасьці адмовіліся працягваць кантракты яшчэ чатыры гісторыкі — кандыдаты навук Андрэй Мацук, Андрэй Унучак, Вадзім Аніпяркоў, Васіль Варонін.

«Спачатку мы хадзілі да дырэктара, пыталіся, чаму не працягваюць кантракты калегам, якія патрэбныя для працы інстытуту. Аляксандар Жлутка — адзіны

Кніга Андрэя Мацука
Кніга Андрэя Мацука

лацініст у інстытуце, палова інстытуту ходзіць да яго, бо да канца XVIII стагодзьдзя ў крыніцах ёсьць лацінскія выразы. Дык што, цяпер ня будзем гэтыя крыніцы выкарыстоўваць? Мы вырашылі таксама не падпісваць кантракты», — сказаў Свабодзе Андрэй Мацук.

Да кіраўніцтва гісторыкі напісалі заяву, што адмаўляюцца падпісваць кантракт «як выраз салідарнасьці са звольненымі калегамі, а таксама кіруючыся маральнымі крытэрамі і прафэсійнай этыкай».

Ім сьпярша прапанавалі кантракт на год, пасьля на тры гады, але яны адмовіліся з салідарнасьці з калегамі, якім кантрактаў не прапанавалі.

«Мы сыходзім з 1 студзеня менавіта з такой фармулёўкай, на знак салідарнасьці з калегамі. Мы не разумеем, чаму паведамленьні аб прыпыненьні кантракту атрымалі калегі, якія маюць шмат публікацый, удзельнічаюць у міжнародных навуковых канфэрэнцыях і зьяўляюцца прызнанымі навуковымі аўтарытэтамі ня толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Ды калі нават на сайце інстытуту пра гэтых спэцыялістаў пачытаць, ясна, з кім не працягваюць кантракт», — кажа Андрэй Мацук.

«У Інстытуце гісторыі толькі адзін доктар навук не пэнсійнага ўзросту»

Кантракт не працягнулі людзям сярэдняга ўзросту, працягвае Андрэй Мацук.

«У Інстытуце гісторыі цяпер стала працуе толькі адзін доктар навук не пэнсійнага ўзросту. Звальняюць калегаў сярэдняга ўзросту — іх, наадварот, мусілі б трымаць у навуцы, каб яны нікуды не сышлі. Ніхто не задумваецца, як будуць дасьледаваць праблемы без такіх спэцыялістаў», — кажа Андрэй Мацук.

Супрацоўнікі Інстытуту гісторыі НАН яшчэ ў жніўні выходзілі ў ланцугі салідарнасьці і патрабавалі ад уладаў спыненьня гвалту і справядлівага падліку галасоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG