Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве звольнілі шматгадовага дырэктара драмтэатру. Супрацоўнікі: прычына — пратэставая актыўнасьць калектыву


Андрэй Новікаў

Афіцыйная фармулёўка — «у сувязі з скасаваньнем кантракту». Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным на старонцы тэатру ў Facebook.

Сам Андрэй Новікаў, які кіраваў тэатрам ад 2000 году, гаварыць пра звальненьне адмаўляецца. Пытаньні просіць адрасаваць наймальніку — абласному ўпраўленьню культуры. Там атрымаць камэнтар пакуль не ўдалося.

За 20 гадоў дырэктарства ў тэатры Новікава трупа станавілася ляўрэатам нацыянальных і міжнародных конкурсаў. У 2018 годзе яго імя занесьлі на абласную дошку гонару, адзначыўшы званьнем «Чалавек году Магілёўшчыны». У 2019-м узнагародзілі мэдалём Францішка Скарыны. З адукацыі ён гісторык.

«Усё гэта не перашкодзіла вышэйстаячаму кіраўніцтву вызваліць дырэктара тэатру А.Ф. Новікава ад займаемай пасады ў сувязі з тым, што той палічыў непрымальным для сябе звальняць сваіх супрацоўнікаў па неабгрунтаваных і незаконных прычынах», — гаворыцца ў заяве калектыву на афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку.

У жніўні 26 супрацоўнікаў тэатру распаўсюдзілі адкрыты зварот, у якім заклікалі ўладу да дыялёгу з грамадзтвам і выказалі абурэньне рэпрэсіўнымі дзеяньнямі ўлады. Пасьля з калектывам сустракаліся чыноўнікі і ўдакладнялі ягоную пазыцыю, запэўнівалі, што перасьледаваць за зварот ня будуць.

24 лістапада ў тэатры адбыўся сход, на якім, паводле ўдзельнікаў, не ўдалося выпрацаваць агульнай пазыцыі калектыву да звальненьня кіраўніка. Спыненьне працоўных адносінаў з Андрэем Новікавым назвалі «адміністрацыйным шантажом». Некаторыя супрацоўнікі тэатру кажуць, што «ён ахвяруе сабой дзеля захаваньня калектыву».

У абласное ўпраўленьне культуры быў накіраваны зварот, каб Новікава пакінулі на пасадзе. Пад лістом падпісаліся 86 супрацоўнікаў тэатру з 120.

«Калектыў цяпер у дэмаралізаваным стане, а паколькі абараніцца калектыўна не ўдаецца, то кожны будзе выбіраць свой шлях. Новага дырэктара сустракаць будзем без энтузіязму», — адзначае адна з падпісантак.

Суразмоўца кажа, што новы дырэктар у тэатры зьявіцца 26 лістапада.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG