Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія гісторыкі выступілі ў абарону звольненых беларускіх калег


Дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, доктар гістарычных навук, акадэмік НАН Украіны Валерый Смолій.

«Рашуча выступаем супраць парушэньня акадэмічных свабодаў навукоўцаў Рэспублікі Беларусь».

Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны выступіў з заявай у падтрымку беларускіх калег, якія пацярпелі ад рэпрэсій у апошнія месяцы. Тэкст з падтрымкай навукоўцаў зь Беларусі апублікаваны на старонцы Інстытута гісторыі НАН Украіны ў Фэйсбуку.

Украінскія навукоўцы адзначаюць, што зьведалі рэпрэсіі на сабе, іх калегі цярпелі перасьлед яшчэ ў савецкі час. У прыватнасьці, «у 1936-1938 гадах навукоўцы Інстытута і члены іх сем'яў былі арыштаваны па ілжывым абвінавачваньні, а шэсьць навукоўцаў расстралялі. У 1947 г. гісторыкаў «выхоўвалі» за нібыта грубыя палітычныя памылкі і скажэньні буржуазна-нацыяналістычнага характару».

У сваёй заяве ўкраінцы пералічваюць імёны тых, хто трапіў у той пэрыяд пад скарачэньні з палітычных прычынаў. Гэта доктар гістарычных навук Алена Компан, кандыдаты навук Алена Апановіч і Яраслаў Дзыра.

«З-за палітычнай нясьпеласьці быў адхілены ад пасады дырэктар Інстытута археалёгіі і рэдактар «Украінскага гістарычнага часопіса», член-карэспандэнт Акадэміі навук СССР Фёдар Шаўчэнка. Цяпер падобнае адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь. Фактычна за сваю адкрытую грамадзянскую пазыцыю, афіцыйна з-за заканчэньня тэрміну кантрактаў навукоўцы масава звальняюцца з акадэмічных устаноў Беларусі».

На заканчэньне заявы ўкраінскія супрацоўнікі Інстытута гісторыі заяўляюць, што «рашуча выступаюць супраць парушэньня акадэмічных свабодаў навукоўцаў Рэспублікі Беларусь».

1 сьнежня стала вядома, што кантракт з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук Беларусі ня будзе працягваць кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік адзьдзелу генэалёгіі, геральдыкі і нумізматыкі Сяргей Рыбчонак. 54-гадовы навуковец выступіў у падтрымку сваіх калег, якіх кіраўніцтва Акадэміі навук апавясьціла аб звальненьні.

Як паведамляе Эўрарадыё, ён далучыўся да акцыі салідарнасьці калег, якія раней заявілі аб сыходзе з Інстытута. Гэта Вадзім Аніпяркоў, Васіль Варонін, Андрэй Мацук, Уладзімер Тугай і Андрэй Унучак.

Навукоўцы сыходзяць з Акадэміі навук з-за таго, што Аляксей Шаланда, Кацярына Крывічаніна, Алесь Жлутка, Мікалай Волкаў, Андрэй Радаман, Тацяна Папоўская і Ўладзімер Шыпіла, якія выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю, ўжо атрымалі дакумэнты ад кіраўніцтва аб звальненьні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG