Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За 20 гадоў працы ня меў ніводнага спагнаньня». Звольнены з заводу імя Казлова інжынэр падаў на прадпрыемства ў суд


Віталь Чычмароў
Віталь Чычмароў

Віталь Чычмароў гаворыць, што яму так і не патлумачылі афіцыйнай прычыны звальненьня.

У кастрычніку — лістападзе з МЭТЗ імя Казлова ў Менску звольнілі 26 чалавек. Як стала вядома Свабодзе, 14 зь іх падалі на сваё прадпрыемства ў суд. 7 сьнежня пачаўся разгляд першай такой справы па позьве вядучага інжынэра-канструктара Віталя Чычмарова. Ён хоча спагнаць са свайго былога прадпрыемства 1000 рублёў маральнай шкоды і па 90 рублёў 53 капейкі за кожны працоўны дзень, які ён вымушана не працуе на заводзе. У дадатак Віталь Чычмароў хоча нарэшце даведацца, за што яго звольнілі.

«Пра сваё звальненьне я даведаўся 2 лістапада, калі прыйшоў на працу пасьля адпачынку, — расказаў Віталь у судзе. — Я быў у працоўным водпуску з 19 кастрычніка па 2 лістапада. Прыйшоўшы на працу, даведаўся, што 29 кастрычніка быў падпісаны загад аб маім звальненьні. Мне ніхто нават не патэлефанаваў. Нават не дазволілі свае асабістыя рэчы з працоўнага месца забраць, давялося прасіць калег іх вынесьці. Лічу, што мне гэтым была нанесеная маральная шкода. Я працаваў на заводзе з 1999 году, за гэты час ня меў ніводнага спагнаньня, не спазьніўся нават на працу ні разу».

У суд прыйшлі таксама некалькі былых калег Чычмарова, якіх таксама звольнілі ў кастрычніку. Па іх словах, сапраўдная прычына звальненьня 26 супрацоўнікаў — стварэньне на прадпрыемстве незалежнага прафсаюзу, адным з ініцыятараў быў Віталь Чычмароў. На пачатку кастрычніка ён паведаміў пра новую арганізацыю кіраўніцтву, пасьля чаго ў самых актыўных завадчан пачаліся праблемы.

«Я ня ўдзельнічаў у страйку, — кажа Чычмароў. — У нас было некалькі чалавек, якія далучыліся да яго. Але я быў у адпачынку ў гэты час. Мне нават не патлумачылі, чаму я звольнены. Павінны былі пісьмова гэта зрабіць. Кажуць, што я сваімі дзеяньнямі нанёс заводу шкоду, якая перавышае мой сярэднямесячны заробак за тры месяцы. Гэта каля 4200 рублёў. Але як я мог гэта зрабіць? Я працую за кампутарам, у чым маё парушэньне? Я дагэтуль ня ведаю, мне ніхто нічога не тлумачыў».

На заводзе імя Казлова Віталь Чычмароў працаваў з лютага 1999 году, прыйшоў туды адразу пасьля ўнівэрсытэту, у 23 гады. Кантракт зь ім перападпісалі на пачатку 2020 году, ён дзейсны да 2024-га.


Інтарэсы МЭТЗ імя Казлова на працэсе прадстаўляе начальнік юрыдычнага ўпраўленьня прадпрыемства Лісакоўскі. Ён настойвае, што звальненьне Чычмарова і іншых супрацоўнікаў ня мае пад сабой палітычных прычын.

«Завод павінен працаваць, разумееце? — кажа Лісакоўскі. — Хто хоча працаваць, той працуе. Мы ня стратнае прадпрыемства, ня маем датацый ад дзяржавы».

Па словах Лісакоўскага, пра альтэрнатыўны дзяржаўнаму прафсаюз на заводзе імя Казлова яму нічога невядома, афіцыйна ён не зарэгістраваны, сьпісаў яго сяброў кіраўніцтва заводу ня мае. Гэта пацьвярджаюць і звольненыя супрацоўнікі. Па іх словах, да незалежнага прафсаюзу далучылася каля 100 чалавек (агулам на заводзе імя Казлова каля 3000 супрацоўнікаў. — РС), але пасьля хвалі звальненьняў сьпісы кіраўніцтву прадпрыемства вырашылі не падаваць.

Прычыны звальненьня Віталя Чычмарова юрыст заводу імя Казлова Лісакоўскі суду патлумачыць не змог. Па яго словах, гэта інфармацыя для службовага карыстаньня і ўсе дакумэнты былі высланыя ў суд спэцпоштай, сам ён іх не бачыў.

«Што вы так перажываеце? — сказаў Лісакоўскі былым калегам па заводзе ў перапынку судовага паседжаньня. — На адным заводзе жыцьцё не сканчаецца. Навошта вы дзяржаўныя пытаньні зьмешваеце з пытаньнямі заводу?»

Працэс працягнецца пасьля таго, як суд атрымае пасланыя службовыя дакумэнты з тлумачэньнем прычыны звальненьня інжынэра Чычмарова. У найбліжэйшыя дні суд таксама пачне разглядаць позвы іншых 13 звольненых супрацоўнікаў МЭТЗ імя Казлова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG