Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ паведаміла пра забітага падчас страляніны на мяжы з Украінай. Ёсьць адказ Кіева


Ілюстрацыйны здымак

У Фэдэральнай службе бясьпекі РФ паведамілі, што на мяжы Расеі і Ўкраіны адбылася страляніна. Па вэрсіі ведамства, трое невядомых са зброяй нібыта спрабавалі прарвацца ў Расею з тэрыторыі Ўкраіны.

У ФСБ заявілі, што ў выніку перастрэлкі з памежнікамі адзін з узброеных людзей быў забіты, двое ўцяклі.

«Пры спробе затрыманьня парушальнікі аказалі збройны супраціў. У выніку агню ў адказ адзін зь іх атрымаў раненьні, несумяшчальныя з жыцьцём, двое схаваліся на тэрыторыі Ўкраіны», — дадае ФСБ.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што інфармацыю пра нібыта начны інцыдэнт атрымалі з Расеі сёньня ў 11.00 (10.00 па Менску). І адразу пачалі правяраць тэрыторыю, дзе, паводле расейскага боку, адбылося парушэньне мяжы.

Асобна ўкраінскія памежнікі ўдакладнілі, што мінулай ноччу не зафіксавалі ніводнага стрэлу паблізу мяжы з Расеяй, а расейскі бок не адразу паведаміў украінскім памежнікам пра якія-небудзь незвычайныя сытуацыі на агульнай мяжы.

Паводле Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, заплянавана супольная памежна-прадстаўнічая сустрэча для высьвятленьня ўсіх абставін, пра якія паведаміў расейскі бок.

Зь Белгародзкай, Варонескай, Курскай і Бранскай абласьцямі РФ мяжуюць Чарнігаўская, Сумская, Харкаўская, Луганская і Данецкая вобласьці. На якім участку мяжы нібыта адбыўся інцыдэнт, не паведамляе ні расейскі, ні ўкраінскі бок.

Пазьней Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны ўдакладніла, што паводле расейскага боку, інцыдэнт нібыта адбыўся на ўчастку мяжы ў Сумскай вобласьці. Але ў часе памежна-прадстаўнічай сустрэчы расейскія памежнікі не змаглі прадставіць ніводных фактаў, якія б пацьвярджалі факт парушэньня мяжы групай асобаў, у тым ліку і сьлядоў на мясцовасьці.

«Расейскі бок не даў якой-небудзь інфармацыі пра асобу, якая, паводле іхнага паведамленьня, загінула, а таксама пра зброю, якую парушальнік мог выкарыстоўваць. Няма інфармацыі, якая б пацьвердзіла сапраўднасьць паведамленьня расейскіх памежнікаў», — падкрэсьлілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG