Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы намесьнік дзяржсакратара ЗША асудзіў Расею за «падрыў дэмакратычных працэсаў» у Беларусі


Першы намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн

Першы намесьнік дзяржсакратара ЗША Стывэн Бігэн на сэсіі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) 3 сьнежня востра раскрытыкаваў Расею за парушэньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў-чальцоў АБСЭ ды намаганьні падарваць дэмакратычныя працэсы ў рэгіёне.

У прыватнасьці, Бігэн сказаў:

«Самым грубым парушэньнем сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці на тэрыторыі АБСЭ застаецца працяглая агрэсія Расеі на ўсходзе Ўкраіны і акупацыя Крыму. (…) Дзеяньні Расеі ва Ўкраіне і ў іншых месцах — яе грубае ігнараваньне міжнароднага права і асноватворных прынцыпаў АБСЭ — прывялі да шырокага пагаршэньня стану эўрапейскага асяродзьдзя бясьпекі».

Бігэн таксама абвінаваціў Расею ў выкарыстаньні «дэзынфармацыі і іншых гібрыдных мэтадаў» для «падрыву дэмакратычных працэсаў іншых дзяржаў». У гэтым кантэксьце ён вылучыў Беларусь, адзначыўшы жорсткае парушэньне правоў чалавека рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. «[Беларускія. — РС] улады павінны вызваліць палітвязьняў, журналістаў і ўсіх несправядліва затрыманых. Яны павінны весьці зьмястоўны дыялёг з Каардынацыйнай радай і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі», — дадаў намесьнік дзяржсакратара ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG