Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Далі ў рукі пашпарт з забаронай прыяжджаць у Беларусь 10 гадоў». Палітвязьня і былога сілавіка Андрэя Новікава вывезьлі ў Расею


Андрэй Новікаў, архіўнае фота

У Беларусі ў грамадзяніна Расеі Андрэя Новікава засталіся жонка і двое дзяцей. За кратамі ён правёў амаль 6 месяцаў.

Новікава затрымалі яшчэ 6 чэрвеня, калі ехаў на трактары ля вёскі Новыя Кавалі Пастаўскага раёну. Пасьля перавялі ў Менск, дзе зьмясьцілі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Новікаў удзельнічаў у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай, зьбіраў подпісы за яе вылучэньне. Яго абвінавацілі паводле таго ж артыкулу, што і Сяргея Ціханоўскага — ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Інфармацыя аб магчымым вызваленьні і дэпартацыі Новікава, які зьяўляецца грамадзянінам Расеі, зьвілася ў канцы мінулага тыдня.

3 сьнежня ён сам даслаў паведамленьне ў глыбоцкі тэлеграм-канал, дзе расказаў пра тое, як апынуўся на волі.

«26 лістапада быў выдвараны зь Беларусі без выкананьня нормаў заканадаўства і права, — расказвае Андрэй Новікаў. — Без выкананьня працэдур. Вывезены ў тым, у чым быў летам затрыманы, са сьціплым клункам рэчаў, якімі абжыўся ў СІЗА на Валадарцы. Быў вывезены трасай М1 на мяжу з Расейскай Федэрацыяй і там пакінуты. З расейскім пашпартам і штампам аб забароне на ўезд на тэрыторыю Беларусі цягам 10 гадоў»

Былы палітвязень кажа, што ягоная сям’я засталася ў Беларусі, яны пакуль ня могуць выехаць. Малодшаму дзіцяці Андрэя паўтара года, а жонцы неабходна назірацца ў лекара.

Арышт адмянілі безь ніякіх тлумачэньняў

«Мой статус незразумелы, — кажа Андрэй Новікаў. — Я ня маю пацьверджаньня таго, у якім статусе цяпер знаходжуся ў крымінальнай справе. Арышт быў адменены безь ніякіх тлумачэньняў, пасьля чаго мяне вывезьлі невядомымі асобамі. Адабралі ўсе дакумэнты, якія ў мяне назьбіраліся падчас сьледзтва. Усю перапіску, асабістую ў тым ліку. Паштоўкі, лісты падтрымкі. Мае асабістыя нататкі забралі. Сабралі ў пакет і забралі, невядомая асоба. Знаходжуся ў цяжкім стане. Сям’я засталася ў якасьці закладнікаў».

Цяпер Новікаў знаходзіцца на тэрыторыі Расеі. Ён зьбіраецца апублічваць сваю гісторыю, бо лічыць, што сям’я цяпер знаходзіцца ў закладніках.

«Кіраўнікі сілавых структур пераводзяць адказнасьць адзін на аднаго, адвакаты запалоханыя, — гаворыць ён. — Я сам былы сілавік, выдатна разумею, у якой сытуацыі яны знаходзяцца. Тое самае адбываецца ў судах. Усе скаргі, хадайніцтвы, заявы ператвараюцца ў адпіскі, якія ня маюць ніякай юрыдычнай сілы».

Андрэй Новікаў таксама падзякаваў за падтрымку, якую адчуваў, знаходзячыся ў СІЗА.

Андрэй Новікаў нарадзіўся ў беларускім Варапаева, пасьля школы зьехаў вучыцца ў Расею. Жыў на Далёкім Усходзе, служыў у міліцыі, мае званьне падпалкоўніка ў адстаўцы. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых апэрацыях на тэрыторыі Чачні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG