Як піша Tut.by, зь Першамайскага РУУС яго даставілі ў вайсковы шпіталь, цяпер ён дома — чакае суду паводле арт. 23.34 КаАП.
Малады чалавек расказаў, што яго затрымалі 29 лістапада недалёка ад скрыжаваньня вуліцы Астрашыцкай і праспэкту Незалежнасьці.
«Людзі пабеглі, я быў ззаду, спатыкнуўся і ўпаў на рукі. Раптам пачуў хлапок і зразумеў, што ў мяне стрэлілі. Затым прывезьлі ў Першамайскае РУУС. Толькі там я зразумеў, што каля траўмы ёсьць запечаная кроў, і папрасіў апрацаваць рану. Аптэчкі не знайшлі, папырскалі антысэптыкам, які меў іншы затрыманы», — згадвае Дзьмітры.
Хуткая прыехала пасьля 18-й, да гэтага на Дзьмітрыя склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).
Мэдыкі ў хуткай апрацавалі рану і з канвоем адвезьлі затрыманага ў вайсковы шпіталь. Там яго агледзелі, узялі аналізы, зрабілі рэнтген. У дыягназе напісана, што ў хлопца агнястрэльнае кулявое непранікальнае раненьне грудзей справа, кантузія правай ныркі пад пытаньнем.
30 лістапада пасьля ўсіх абсьледаваньняў Дзьмітрыя Капусьцёнка адпусьцілі дадому. Канваіру ён пакінуў расьпіску, што зьявіцца ў суд.