Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы фармат пратэстаў: тактычны посьпех на працяглы час


Адзін з маршаў 22 лістапада
Адзін з маршаў 22 лістапада

15-ы нядзельны марш пратэсту ў Менску запісалі сабе ў актыў як яго ўдзельнікі, так і ўлады. Першыя задаволеныя тым, што на вуліцу ў розных канцах гораду выйшлі тысячы людзей, якія вымотвалі міліцыю пікетамі і маршамі на вялікай тэрыторыі. А таксама дэманстравалі пратэст перад жыхарамі спальных раёнаў. Афіцыйная прапаганда ў сваю чаргу хвалілася адсутнасьцю адной вялікай калёны і сьцьвярджала, што «акцыя правалілася».

Сьцісла

  • Новы фармат — замест аднаго маршу шмат маршаў — пратэстоўцы прызналі эфэктыўным.
  • Падлічыць колькасьць удзельнікаў цяжка, чым скарысталася прапаганда, каб прадэманстраваць, што «пратэст зьдзьмуўся».
  • Жыхары мікрараёнаў Менску на свае вочы ўбачылі актыўнасьць і масавасьць пратэсту.
  • У бліжэйшую нядзелю па колькасьці сілаў, залучаных у супрацьстаяньне з мірнымі грамадзянамі, будзе відаць, ці ўсур’ёз «сілавікі» мяркуюць, што пратэст пайшоў на спад.
  • У новым фармаце пратэст можа трываць бясконца доўга, набываючы ўсё больш складаныя формы.

Лукашэнка заявіў, што пратэсты неўзабаве сьцішыць. Усьлед за ім навасьпечаны генэрал-лейтэнант міліцыі Барсукоў прыгразіў людзям, што навядзе парадак у дварах. І вось, падсумоўваючы маршы пратэсту ў новым фармаце, АНТ рапартуе: «Заявленная в интернете акция в Минске провалилась. В некоторых районах небольшими группами побродили, где-то покричали, кто-то особо безрассудный даже пытался на проезжую часть выйти. Но попытки остались тщетными».

Выглядае, што «сілавікам» важна дакласьці Лукашэнку пра пасьпяхова выкананы загад — «пратэст практычна скончыўся». Карцінкі з цэнтру няма? Няма. Ходзяць дзесьці дварамі? Дварамі. А тое, што дварамі ходзіць тая ж вялікая колькасьць, ды яшчэ падбадзёрвае суседзяў, — гэта справа для разбораў на пасьля.

Ужо больш за сто дзён беларусы чуюць пагрозы, што з пратэстамі будзе скончана. Выглядае, што ўлада думае толькі пра сёньняшні дзень. Чым дэманструе разгубленасьць, а значыць — слабасьць.

Насуперак цьверджаньням афіцыйнай прапаганды, новы фармат пратэставых акцыяў даў нечаканы вынік.

Цяпер ня толькі людзі, якія жывуць побач з цэнтральнымі магістралямі сталіцы, пабачылі маштаб і сілу мірных акцыяў. Мне давялося чытаць гісторыі пра тое, што, маўляў, «нас з двору выйшла дзесяць, а каля гіпэрмаркету было пару тысяч, а пасьля мы зьядналіся з суседнім мікрараёнам». І так ува ўсім Менску. Дадамо, што ў такіх «дваровых» умовах спэцтэхніка «сілавікоў» практычна бездапаможная.

Яшчэ важны момант — зьмяніліся людзі. Можа, родныя двары так паўплывалі, а можа, гартаваньне ста папярэдніх дзён. Але на шматлікіх відэа бачна, што людзі амаль не баяцца сьвятлашумавых гранатаў і ўсё часьцей не даюць затрымліваць адзін аднаго.

У бліжэйшую нядзелю па колькасьці сілаў, залучаных у супрацьстаяньне з мірнымі грамадзянамі, будзе відаць, ці ўсур’ёз «сілавікі» мяркуюць, што пратэст пайшоў на спад.

Многім людзям спадабаўся новы фармат, яны бачаць у ім рацыянальнае зерне, разумеючы, што супрацьстаяньне можа зацягнуцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG