Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: З задавальненьнем наведала б Расею, калі б не міждзяржаўны вышук


Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская на прэсавай канфэрэнцыі 1 сьнежня заявіла, што была б гатовая наведаць Расею, калі б яе не абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук.

«Я б, напэўна, з задавальненьнем зьезьдзіла, але паколькі я знаходжуся ў крымінальным вышуку ў Беларусі і, адпаведна, у Расеі, то, думаю, вынік маёй паездкі ў Расею будзе варты жалю. Таму ўжо лепш вы да нас», — сказала яна.

На пытаньне, ці спрабавалі расейскія чыноўнікі або дыпляматы кантактаваць з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, Ціханоўская адказала: «Афіцыйных запытаў не было, спробаў афіцыйных не было».

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу, былы чыноўнік і дыплямат Павал Латушка пацьвердзіў словы Ціханоўскай, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што «не было кантактаў менавіта афіцыйнага характару».

На ўдакладненьне, ці былі неафіцыйныя кантакты і з кім канкрэтна, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады адказаць адмовіўся.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў падчас свайго нядаўняга візыту ў Менск назваў «поўнай хлусьнёй» ранейшую заяву Латушкі аб кантактах Каардынацыйнай рады з прадстаўнікамі расейскіх уладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG