Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна за сьцяг у пасёлку пад Гомлем


Цяпер Міхаіл Русак намаляваў сьцяг на ўласным доме
Цяпер Міхаіл Русак намаляваў сьцяг на ўласным доме

Пэнсіянэр МУС Міхаіл Русак жыве ва ўласным доме са сваёй жонкай і дзецьмі ў пасёлку Чонкі пад Гомлем. У верасьні ён набыў бел-чырвона-белы сьцяг, тронак да яго і ўсталяваў сымбаль на сваім двары. Неўзабаве ноччу невядомыя зламалі тронак і скралі сьцяг.

Міхаіл паскардзіўся на крадзеж у мясцовую міліцыю. Там ня сталі шукаць злодзея — далі пэнсіянэру адпіску, а на самога пачалі складаць пратаколы. «Прыкрывалася» міліцыя тым, што на Міхаіла паступіла скарга: ягоны бел-чырвона-белы сьцяг нібыта абразіў пачуцьці заяўніка.

Пэнсіянэр знайшоў заяўніка. «Ён літаральна на каленях прасіў у мяне прабачэньня, бо, як ён казаў, міліцыянты прымусілі яго пад пагрозамі падпісаць тую заяву. У выніку ён пакутаваў і ягоная жонка таксама. Ён ува ўсім прызнаўся мне», — кажа Міхаіл і ў пацьвярджэньне сваіх слоў прадстаўляе аўдыё (яно маецца ў рэдакцыі).

Сельсавет склаў на Міхаіла адміністрацыйны пратакол. «Грамадзянін Русак не прыняў своечасовых належных захадаў для падтрыманьня ў належным стане знадворнага выгляду жылога дому і разьмясьціў на яго фасадзе незарэгістраваную сымболіку (бел-чырвона-белыя сьцягі), што ёсьць самавольнай зьменай архітэктурных і канструкцыйных элемэнтаў фасаду жылога дому». Парушэньне нібыта падпадае пад артыкул 21.13 КаАП.

Міхал спрабаваў патлумачыць старшыню сельсавету і ўчастковаму, што «архітэктурныя элемэнты» немагчыма парушыць сьцягам. «Але яны і слухаць ня хочуць! Яны ня ведаюць, што такое фасад, што такое ўвогуле закон! Я прапанаваў ім дзейнічаць па законе, а не па паняцьцях», — кажа Міхаіл.

У адказ прадстаўнікі ўлады перайшлі да «сілавога варыянту» вырашэньня канфлікту. Да Міхаіла прыехалі каля дваццаці чалавек — у тым ліку прадстаўнікі міліцыі, сельсавету, камунальнікі і яшчэ «невядома хто». Яны зайшлі на прыватную тэрыторыю, нягледзячы на забарону гаспадара, і зьнялі бел-чырвона-белыя сьцягі.

«Для мяне бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль Хрыста, чысьціні і пралітай Хрыстом крыві за нас», — дадаў Міхаіл.

Цяпер ён падаў скаргу ў пракуратуру на, як ён мяркуе, незаконныя дзеяньні прадстаўнікоў улады. Сёньня Міхаіл Русак памаляваў свой плот у бел-чырвона-белыя колеры. Бо плот — негаручы матэрыял і не парушае фасаду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG