Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навуковец заявіў, што БЧБ-сцяг — нацыянальны сымбаль беларускага народу. Зь ім не працягваюць кантракт


Бел-чырвона-белы сьцяг у студэнтаў БДУ, якія выйшлі на пратэст. 26 кастрычніка 2020 году.
Бел-чырвона-белы сьцяг у студэнтаў БДУ, якія выйшлі на пратэст. 26 кастрычніка 2020 году.

Кіраўніцтва Інстытуту гісторыі ня будзе працягваць кантракт вядомаму беларускаму гісторыку Аляксею Шаланду. Інфармацыю пра гэта ён пацьвердзіў Tut.by.

«Сёньня мяне выклікаў намесьнік па навуковай працы Вадзім Лакіза, які, відаць, вельмі хоча быць дырэктарам Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, і абвясьціў, што са мной яны ня будуць працягваць кантракт. Я запытаўся, якія прэтэнзіі да мяне як да навукоўца.

Як да навукоўца ў яго да мяне прэтэнзій няма. Але Лакіза патлумачыў, што рашэньне прынятае па палітычных матывах, яно ідзе зьверху, з прэзыдыюму НАН Беларусі. У прынцыпе, я ўсё зразумеў. Ну што, кажу, калі вам ня трэба геральдыка, генэалёгія і нумізматыка... Бо Лакіза яшчэ дадаў, што інстытут чакае рэарганізацыя, і аддзел генэалёгіі, нумізматыкі і геральдыкі ліквідуецца».

Tut.by зьвярнуўся па камэнтар да Вадзіма Лакізы, але той адказаў, што заняты.

Аляксей Шаланда нарадзіўся ў 1969 годзе ў Горадні. Скончыў Горадзенскі ўнівэрсытэт (1993), абараніў дысэртацыю «Шляхецкая геральдыка Беларусі ў другой палове ХVІ–ХVІІІ ст.» (2000).

  • З 2008 году працуе ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі.
  • Узначальваў сэктар геральдыкі і нумізматыкі аддзелу спэцыяльных гістарычных навук і інфармацыйна-аналітычнай працы (2010–2012).
  • Быў загадчыкам аддзелу спэцыяльных гістарычных навук і інфармацыйна-аналітычнай працы (2012–2015).
  • З 2015 году – загадчык аддзелу генэалёгіі, геральдыкі і нумізматыкі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Увосень гэтага году Аляксей Шаланда выдаў заключэньне аб бел-чырвона-белым сьцягу. Падставай для гэтага стаў суд над 20-гадовай Марыяй Сафонавай, якая ноччу ў адным зь менскіх двароў напісала на асфальце фарбай лёзунг «Жыве Беларусь» і намалявала побач бел-чырвона-белы сьцяг. Яе судзілі па крымінальным артыкуле — за апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці.

У сваім заключэньні Аляксей Шаланда абгрунтаваў, што бел-чырвона-белы сьцяг — нацыянальны сымбаль беларускага народу, ён быў створаны ў 1917 годзе і двойчы ў гісторыі меў дзяржаўны статус (у БНР у 1918–1921 гг. і ў Рэспубліцы Беларусь у 1991–1995 гг.).

Паводле навукоўца, чырвоны і белы — «нацыянальныя колеры беларускага народу», і яны могуць праяўляцца на самых розных носьбітах.

«Гістарычныя нацыянальныя колеры зьяўляюцца культурным здабыткам нашага народу, таму ня могуць мець для каго-небудзь абразьлівы і цынічны зьмест. Наадварот, прыпісваньне ім падобных якасьцяў зьяўляецца праявай непавагі да беларускага народу і патэнцыйна скіраванае на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці і палітычных канфліктаў у нашым грамадзтве», — лічыць навуковец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG