Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Варшавы паабяцаў прыпыніць фінансаваньне паліцыі, калі яна не перастане ўжываць сілу супраць дэманстрантаў


Акцыя пратэсту ў Варшаве супраць забароны абортаў, 30 кастрычніка 2020
Акцыя пратэсту ў Варшаве супраць забароны абортаў, 30 кастрычніка 2020

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі паабяцаў прыпыніць фінансаваньне паліцыі, калі яна не перастане ўжываць гвалт у дачыненьні да ўдзельнікаў акцый супраць забароны абортаў, паведамляецца на сайце мэрыі.

Тшаскоўскі адзначыў, што паліцыя за апошнія дзесяць дзён зьмяніла сваё абыходжаньне з дэманстрантамі — супраць іх ужылі дубінкі і газ. «Яшчэ некалькі тыдняў таму паліцыя займалася абаронай дэманстрантаў. Цяпер, як вы бачыце, паліцыя на палітычны загад вымушаная парушаць асноўныя прынцыпы, якімі яна павінна кіравацца», — сказаў ён.

Паводле ягоных слоў, асноўны прынцып дзеяньняў паліцыі — неўжываньне сілы супраць мірных дэманстрантаў.

Мэрыя адзначыла, што шмат гадоў удзельнічае ў сумесным з цэнтральным урадам фінансаваньні паліцыі. У 2020 годзе на гэта было вылучана з гарадзкога бюджэту прынамсі 6 мільёнаў злотых ($ 1,6 млн).

Да гэтага часу аборт у Польшчы можна было зрабіць законна толькі ў выпадку згвалтаваньня, інцэсту, сур’ёзнай пагрозы жыцьцю маці ці паталёгіі плоду. На апошнюю прычыну прыпадала 98% усіх зробленых у Польшчы легальных абортаў. І менавіта яе ў канцы кастрычніка Канстытуцыйны суд Польшчы прызнаў «неканстытуцыйнай».

Гэтае рашэньне выклікала масавыя пратэсты па ўсёй краіне. У адной толькі Варшаве на вуліцы 30 кастрычніка выйшлі каля 150 тысяч чалавек.

Урад Польшчы на фоне масавых пратэстаў заявіў, што адкладае выкананьне рашэньня Канстытуцыйнага суду.

Групы па абароне правоў жанчын паведамляюць, што цяперашняя колькасьць абортаў, якія польскія жанчыны робяць альбо падпольна, альбо ў іншых краінах, дасягае 80–120 тысячаў на год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG