Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Асноўны паказчык ап’яненьня — кроў». Што пра вэрсію ўладаў кажуць прафэсійныя нарколягі


Партрэт Рамана Бандарэнкі падчас акцыі памяці 13 лістапада ў Менску

Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла з прафэсарам-нарколягам і практыкуючым лекарам, якія катэгарычна абвяргаюць, быццам Раман Бандарэнка быў п’яны.

У сюжэце прапагандыста Рыгора Азаронка пра сьмерць Рамана Бандарэнкі на тэлеканале СТВ — ні слова пра абставіны забойства, а спрэс валтузьня вакол аналізаў на алькаголь. Сьцьвярджаецца, што этаноль быў у мачы.

У сюжэце, паказаным 25 лістапада, намесьнік генэральнага пракурора Генадзь Дыско заявіў, што копіі дакумэнтаў «аб выніках адсутнасьці этылевага сьпірту ў крыві Рамана Бандарэнкі ня ўлічваюць увесь спэктар неабходных дасьледаваньняў».

Паводле пракурора, у паказаных дакумэнтах «няма вынікаў дасьледаваньня іншых біялягічных асяродзьдзяў на колькасьць этанолю, у тым ліку мачы». Дыско заяўляе, нібыта ў мачы знайшлі алькаголь.

Аўтар сюжэту Рыгор Азаронак называе дакумэнты з 0 праміле фэйкам, але сапраўдных дакумэнтаў не паказвае. Гледачы не пачулі і сьведчаньняў экспэртаў, мэдыкаў.

Экспэртыза абсьледаваньня Рамана Бандарэкі пры паступленьні ў менскі шпіталь хуткай дапамогі, якая сьведчыць, што ў яго крыві не было алькаголю
Экспэртыза абсьледаваньня Рамана Бандарэкі пры паступленьні ў менскі шпіталь хуткай дапамогі, якая сьведчыць, што ў яго крыві не было алькаголю

«Аналіз мачы, прабачце, ні пра што. Асноўны паказьнік алькагольнага ап’яненьня — кроў»

Доктар мэдычных навук, прафэсар абсалютна адназначна заяўляе: нуль праміле ў крыві сьведчыць, што чалавек абсалютна цьвярозы. А паказьнікі іншых фізіялягічных вадкасьцяў наагул паводле дзейных дакумэнтаў не павінны разглядацца. Гэта рэглямэнтуецца Палажэньнем аб парадку правядзеньня мэдычнага агляду фізычных асобаў на прадмет выяўленьня стану алькагольнага ап’яненьня, зацьверджаным пастановай Савету Міністраў № 497 ад 14 красавіка 2011 году.

«Асноўны паказьнік алькагольнага ап’яненьня — кроў. Пастанова кароткая, цалкам зразумелая і канкрэтная: 0 праміле алькаголю ў крыві і ў паветры, якое выдыхаецца, — і чалавек лічыцца абсалютна цьвярозым.

Іншыя фізіялягічныя, біялягічныя вадкасьці — гэта толькі мача, але аналіз мачы, прабачце, ні пра што.

Ніякіх іншых аналізаў не патрабуецца, каб вызначыць, цьвярозы чалавек ці п’яны. Раней патрэбныя былі акты, пратаколы, пробы, цяпер усё спрасьцілася. Ёсьць 0,3 праміле алькаголю ў крыві — п’яны, няма — цьвярозы.

Кроў і паветра, якое выдыхаецца, — гэта актыўнае ап’яненьне. А калі чалавек ужываў алькаголь, да прыкладу, тры дні таму — нічога кроў не пакажа. У мачы могуць быць „рэшткавыя зьявы“, я гэта дапускаю. Але гэта ж ня стан ап’яненьня», — заяўляе доктар мэдычных навук, прафэсар-нарколяг.

Флэшмоб лекараў шпіталя хуткай дапамогі і журналістаў Tut.by на знак салідарнасьці з затрыманым доктарам Арцёмам Сарокіным і журналісткай Кацярынай Барысевіч, якіх вінавацяць у раскрыцьці мэдычнай таямніцы
Флэшмоб лекараў шпіталя хуткай дапамогі і журналістаў Tut.by на знак салідарнасьці з затрыманым доктарам Арцёмам Сарокіным і журналісткай Кацярынай Барысевіч, якіх вінавацяць у раскрыцьці мэдычнай таямніцы

«Менавіта кроў трапляе ў галаву, а ня штосьці іншае. Калі ў крыві алькаголю няма, чалавек цьвярозы»

Іншы доктар-нарколяг таксама сьцьвярджае, што па ўсіх дзейных на сёньняшні дзень дакумэнтах стан алькагольнага ап’яненьня вызначаецца толькі канцэнтрацыяй алькаголю ў крыві.

«Больш ніякія вадкасьці ці тканкі не выкарыстоўваюцца для вызначэньня ап’яненьня. Клінічныя прыкметы: паводзіны чалавека, хуткасьць ягонай рэакцыі — гэта адзін бок вызначэньня стану алькагольнага ап’яненьня. Другі бок, і асноўны — канцэнтрацыя алькаголю ў крыві. Больш нічога не дасьледуецца», — кажа экспэрт.

Тэарэтычна можна браць любыя фізіялягічныя вадкасьці — кроў, мачу, лімфу, але стан алькагольнага ап’яненьня вызначаецца менавіта па крыві. Таму што менавіта кроў трапляе ў галаву, а ня штосьці іншае. Калі ў крыві алькаголю няма, 0 праміле, гэта азначае, што чалавек цьвярозы, што стану алькагольнага ап’яненьня ў чалавека няма.

На пярэчаньне, што пракурор сьцьвярджае, што алькаголь нібыта знойдзены ў мачы, доктар-нарколяг кажа, што такія рэчы можа пацьвердзіць толькі складаная судова-мэдычная экспэртыза і дакумэнты, якія не былі прадэманстраваныя.

«Пракуроры не зьяўляюцца адмыслоўцамі, а толькі судова-мэдычныя экспэрты. Але на момант, калі быў агляд, чалавек быў цьвярозы. Калі чалавек, да прыкладу, ужываў алькаголь пару дзён таму, нейкія ўскосныя зьмены ў крыві могуць быць заўважаныя: да прыкладу, павелічэньне аб'ёму эрытрацытаў. Але каб гэтыя зьмены пасьля ўжываньня алькаголю былі засьведчаныя, трэба рабіць дасьледаваньні крыві яшчэ да ўжываньня алькаголю, каб было з чым параўноўваць», — тлумачыць доктар-нарколяг.

«Калі чалавека забілі, ня мае ніякага значэньня, быў ён цьвярозы ці не»

Адмыслоўца дадае, што паводле беларускага заканадаўства пры ўтрыманьні ў крыві да 0,3 праміле алькаголю чалавеку дазволена кіраваць аўтамабілем.

«Да 0,3 праміле чалавек лічыцца адносна цьвярозым, адэкватным і ў стане выконваць дзеяньні па кіраваньні транспартным сродкам», — кажа доктар.

І працягвае:

«Калі чалавека забілі, ня мае ніякага значэньня, быў ён цьвярозы ці не. Гэта ніякім чынам не ўплывае на цану жыцьця і яго важнасьць. Замест аб’ектыўнага расьсьледаваньня забойства, разбору, пошуку вінаватых ідзе валтузьня вакол аналізаў і праміле, ціск на дактароў, запалохваньне іх. Дактары — інтэлігентныя, ранімыя людзі, маральна не падрыхтаваныя да ціску, тым больш ва ўмовах абмежаваньня волі. Іх прызначэньне іншае, для іншага яны вучыліся. Мне вельмі шкада, што такім чынам узьдзейнічаюць на маіх сумленных калег», — кажа доктар, маючы на ўвазе паказаны па СТВ зварот лекара са шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі.

Гэты зварот здымаўся ў турме — «Амэрыканцы».

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую завяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG