Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Турэччыне ўдзельніку бунту супраць Эрдагана прысудзілі 79 пажыцьцёвых тэрмінаў


Падчас спробы перавароту ў Стамбуле. 16 ліпеня 2016 году

У Турэччыне ў чацьвер вынесьлі чарговыя прысуды ў справе аб спробе перавароту ў 2016 годзе.

Абвінаваўчыя прысуды вынесеныя больш як чатырохстам меркаваным удзельнікам спробы путчу. Зь іх некалькім дзясяткам прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне. Гэта галоўным чынам прадстаўнікі армейскага камандаваньня і пілёты, якія ў ноч на 15 ліпеня наносілі ўдары па ўрадавых аб’ектах.

Як паведамляе агенцтва Anadolu, сярод тых, хто атрымаў пажыцьцёвыя тэрміны, у прыватнасьці, былы палкоўнік Вэйсэл Каваку, які займаў пасаду сакратара камандаваньня ВПС Турэччыны. Яго асудзілі на 79 пажыцьцёвых тэрмінаў. Столькі ж у былога маёра ВПС Алі Карабулута і былога ваеннага пілёта Хусэйна Цюрка.

Суд разгледзеў абвінавачаньні па адным з эпізодаў справы аб перавароце — аб захопе путчыстамі авіябазы «Акынджы» блізу Анкары. Тады ў закладнікі былі ўзятыя ляяльныя прэзыдэнту Эрдагану камандзіры, у тым ліку цяперашні міністар абароны Хулусі Акар. Пасьля задушэньня спробы перавароту іх вызвалілі.

Усяго ў выніку падзей 15 ліпеня загінулі каля 250 чалавек. Спроба групы вайскоўцаў зрынуць Эрдагана завяршылася няўдачай. Турэцкія ўлады абвінавачваюць у арганізацыі спробы перавароту прыхільнікаў клерыка Фэтулаха Гюлена, які жыве ў ЗША. Турцыя дамагаецца яго экстрадыцыі.

Усяго па абвінавачваньнях у сувязях з Гюленам або датычнасьці да паўстаньня ў Турцыі былі арыштаваныя больш за 100 тысяч чалавек, прайшлі маштабныя чысткі ў дзяржапараце і ў арміі. Суды раней ужо вынесьлі больш за 2500 пажыцьцёвых прысудаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG