Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шрайбман: «У Лукашэнкі ёсьць разуменьне, што сядзець на пасадзе поўныя пяць гадоў — занадта вялікі стрэс і для краіны»


Дзеяньні сілавікоў у Менску 15 лістапада 2020 г.
Дзеяньні сілавікоў у Менску 15 лістапада 2020 г.

У чацьвер у Менску сілавікі сарвалі Марш людзей з інваліднасьцю. Пратэстоўцы спрабавалі прайсьці праспэктам Незалежнасьці. Сілавікі прыехалі на месца збору за дзьве гадзіны да пачатку акцыі, а ДАІ перакрыла праспэкт.

Пра сытуацыю «Настоящее Время» пагаварыла з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам.

На якім этапе цяпер пратэсты ў Беларусі

— Клясычна гэта называюць «рэакцыяй», калі ўлада зразумела, што ў яе ў руках ініцыятыва, і пачынае максымальна закручваць гайкі, каб, што завецца, ня вырасла. Улада адчула, што пратэсты ў апошнія тры тыдні на спадзе, і спрабуе скарыстаць момант, каб пакласьці ім канец, што называецца, прыстукнуць.

Цяпер сядзяць каля 20 журналістаў паводле розных адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў, пераважна адміністрацыйных. Раней існавалі нейкія рамкі, межы гвалту і рэпрэсіяў, якія ў Беларусі заўсёды былі. Такія чырвоныя лініі для дзяржавы перасталі існаваць. Адпаведна, усе пачалі зводзіць свае старыя рахункі зь непажаданымі журналістамі ці актывістамі, помсьціць і проста рабіць усё што душы заўгодна. Намесьнікам міністра ўнутраных справаў прызначылі чалавека, які найбольш вызначыўся ў здушэньні вулічных пратэстаў, — Мікалая Карпянкова.

Ці дацягне Лукашэнка да канца тэрміну

— Не, і, я думаю, ён сам ужо гэта разумее. Калі паслухаць яго нядаўнія інтэрвію чатыром СМІ, у тым ліку тое, што найбольш поўна выклаў канал «112 Украіна», — ён там пра свой сыход да канца тэрміну сказаў, напэўна, разоў шэсьць. Гэта можа быць нейкаю хітрасьцю, але, мне здаецца, усё ж у яго ёсьць разуменьне, што ісьці яшчэ раз на выбары ці сядзець поўныя пяць гадоў — гэта занадта вялікі стрэс і для краіны, і для яе міжнародных адносінаў, і гэтага нават, мне здаецца, ня хоча ягоны адзіны хаўрусьнік — Расея.

Хутчэй за ўсё, зараз яго задача — суцішыць пратэсты цалкам, а потым пачынаць думаць пра нейкі ўпарадкаваны транзыт. Я ня ведаю, ці ўдасца гэта яму. Улада паказвае, што яна ўмее падкідваць новыя падставы пратэставаць, накшталт той жа сьмерці Бандарэнкі. Але сёньня выглядае так, што, прынамсі, на бліжэйшыя месяцы палітычны, эканамічны і сілавы рэсурсы сыстэма мае. Таму ў агляднай будучыні я ня бачу нейкага краху рэжыму.

Рэсурс пратэсту

— Мы бачым, што пратэстаў становіцца менш. І тут можна шукаць розныя прычыны: і рэпрэсіі, і стомленасьць, і холад. Але гэта факт. Улада ў прынцыпе валодае ініцыятывай, валодае ёю некалькі месяцаў. Калі пратэсты нейкі час працягвалі быць у тым фармаце, які немагчыма ўзяць і здушыць сілай, то цяпер яны ўвайшлі ў той фармат, калі ўлада можа паводзіцца на ўсе застаўкі, зьняць зь сябе наагул любыя рамкі і межы. Гэта можа працягнуцца нейкі час, гэта можа задушыць пратэст, гэта можа даць пратэсту перадыхнуць да вясны, калі вясной у нас чакаюцца новыя ўсплёскі заразных пратэставых датаў: Дзень волі, Чарнобыльскі шлях і гэтак далей.

Мы ніколі, на жаль, не павінны выключаць магчымасьці новай эскаляцыі, бо ўлады Беларусі паказваюць, што яны не заўсёды адчуваюць мяжу, якую нельга пераходзіць. Яны вельмі часта скочваюцца ў гвалт, які правакуе новыя пратэсты. Гэта можа адбыцца заўтра, можа адбыцца празь месяц, гэтага можа і не адбыцца. Але гэтая рызыка ў нас вісіць, і я не магу выйсьці, як на баксэрскім рынгу, і аб’явіць, што адзін бок перамог. Улада заўсёды можа нарабіць даволі самагубных памылак, што яна і паказвала ўсе гэтыя месяцы.

Каардынацыйная рада

— Каардынацыйная рада, у сутнасьці, перастала быць актыўнай. Яна існуе як сеткавая ініцыятыва чальцоў Каардынацыйнай рады, якія засталіся на волі. Яе лідэраў альбо пасадзілі, альбо выгналі з краіны, і цяпер Каардынацыйная рада — размытая група інтэлектуалаў, якія часам прымаюць нейкія заявы. Таму ў апазыцыі засталіся два цэнтры сілы — гэта тэлеграм-каналы, якія каардынуюць пратэсты, і штаб Сьвятланы Ціханоўскай, які ў асноўным працуе ў Вільні і таксама вельмі актыўны на міжнародным полі. Яшчэ асобна можна назваць Паўла Латушку, які, відавочна, амбіцыйны чалавек і сам выбудоўвае пад сябе асобную структуру.

Ніхто не перашкаджае яму гэта рабіць, бо ўсе разумеюць, што калі яму ўдасца, то гэта будзе на агульнае дабро, а калі ня ўдасца — ніхто гэтага і не заўважыць. Але там, мне здаецца, няма нейкай вострай варожасьці. Проста даюць рэалізавацца амбіцыям чалавека. Ён заўсёды сам падкрэсьлівае, што Ціханоўская — наш нацыянальны лідэр, абраны прэзыдэнт і гэтак далей. Яшчэ, зразумела, ёсьць нізавы, масавы пратэст, які наўпрост нікім не кіруецца з вышэйпералічаных. Але ў гэтай усёй канфігурацыі вельмі мала месца Каардынацыйнай радзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG