Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне прадухілілі друк нэанацысцкай літаратуры для Беларусі. СБУ заявіла аб падрыхтоўцы правакацыі


Шыльда на будынку СБУ
Шыльда на будынку СБУ

Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла аб папярэджаньні друку нэанацысцкай літаратуры для перасылкі ў «адну з постсавецкіх краін».

Паводле афіцыйнага паведамленьня прэс-службы ведамства, «злачынцы заказалі друк „Маніфэсту“ Брэнтана Таранта, які прапагандуе этнічны і культурны генацыд, заклікі да тэрактаў і масавых забойстваў. Забароненыя кнігі друкаваліся на некалькіх мовах у падпольных друкарнях Кіеўскай вобласьці. Заказчык літаратуры — былы супрацоўнік праваахоўных органаў суседняй з Украінай краіны».

Сьледчыя выявілі, што чалавек на працягу лістапада заказаў друк трох партыяў кніг, перавёўшы аванс на банкаўскую карту і аплаціўшы перасылку праз аднаго з паштовых апэратараў.

Цяпер СБУ расьсьледуе крымінальную справу, заведзеную паводле артыкула 258-2 (публічныя заклікі да зьдзяйсьненьня тэрарыстычнага акту) Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Пры ператрусе ў кватэры падазраваных і ў падпольнай «друкарні» сьледчыя знайшлі мабільныя прылады, кампутары з доказамі друку забароненай літаратуры, узоры такой прадукцыі і паліграфічнае абсталяваньне.

Партыю надрукаваных кніг канфіскавалі ў памяшканьні аднаго з паштовых офісаў, у якім яе ўжо рыхтавалі для адпраўкі заказчыку.

«Пастаўка экстрэмісцкай літаратуры з Украіны можа прывесьці да дыскрэдытацыі ўкраінскай дзяржавы на сусьветнай арэне, а таксама да заплянаванай акцыі ў прапагандысцкіх СМІ па абвінавачваньні Ўкраіны ў падбухторваньні да пратэстаў у замежных краінах. СБУ расьсьледуе магчымае дачыненьне да арганізацыі паставак кніг спэцслужбаў суседніх краін для мэтанакіраванай правакацыі супраць Украіны», — адзначаецца ў паведамленьні СБУ.

Як стала вядома Свабодзе, канфіскаваная нэанацысцкая літаратура была надрукаваная ў тым ліку і на беларускай мове. Яе плянавалі адправіць менавіта ў Беларусь. Сьледзтва знайшло двух грамадзян Украіны, датычных да друку забароненай літаратуры.

Што такое маніфэст Брэнтана Таранта

Брэнтан Тарант у судзе, 24 жніўня 2020
Брэнтан Тарант у судзе, 24 жніўня 2020

Брэнтана Таранта называюць «аўстралійскім Брэйвікам». У сакавіку 2019 году ён зрабіў два вялікія тэракты ў мячэцях Новай Зэляндыі, калі загінуў 51 і былі параненыя 40 мусульманскіх вернікаў. Перад тэрактам ён апублікаваў свой маніфэст на 74 старонках «Вялікае замяшчэньне», у якім апраўдваў ідэі этнічнага і культурнага генацыду і выказваў сымпатыі Андэрсу Брэйвіку — нарвэскаму тэрарысту, які ў ліпені 2011 году ажыцьцявіў два вялікія тэракты.

Што раней казалі ў СБУ аб працы спэцслужбаў Беларусі

У кастрычніку ў прэс-цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны Свабодзе паведамілі, што ад траўня на тэрыторыі Ўкраіны агенты спэцслужбаў Беларусі некалькі разоў спрабавалі падбухторыць украінскае праварадыкальнае асяродзьдзе да дзеяньняў, якія могуць выкарыстоўвацца беларускім бокам для дыскрэдытацыі Ўкраіны на міжнароднай арэне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG