Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ занепакоены эскаляцыяй гвалту ў Беларусі і сьмерцямі пратэстоўцаў


Георгій Цэрэтэлі.

Кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ заявіў, што ўлады Беларусі павінны расьсьледаваць злоўжываньні і прымаць меры для прыцягненьня да адказнасьці парушальнікаў правоў чалавека.

Старшыня Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Георгій Цэрэтэлі «глыбока занепакоены» эскаляцыяй гвалту ў Беларусі ў апошнія дні, а таксама паведамленьнямі аб некалькіх сьмерцях сярод пратэстоўцаў. Пра гэта гаворыцца ў яго заяве, распаўсюджанай прэс-службай ПА АБСЭ.

Адзначаецца, што ў мінулую нядзелю міліцыя ўжыла сьветлашумавыя гранаты, гумовыя кулі і сьлёзацечны газ супраць удзельнікаў акцый памяці Рамана Бандарэнка, было затрымана больш за 1.200 чалавек.

«На жаль, нягледзячы на добра задакумэнтаваныя выпадкі парушэньня правоў чалавека ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў, ні адна крымінальная справа не была заведзеная, – сказаў Цэрэтэлі. – Улады павінны расьсьледаваць злоўжываньні і прыняць меры для таго, каб парушальнікі правоў чалавека былі прыцягнуты да адказнасьці».

Пры гэтым, падкрэсьліў ён, нягледзячы на выключна мірны характар акцый пратэсту, якія працягваюцца ў Беларусі ўжо больш за 100 дзён, беларускія ўлады працягваюць судовы перасьлед дэманстрантаў, распачата больш за 900 крымінальных спраў, а адвакаты, праваабаронцы і журналісты падвяргаюцца ціску і запалохваньню.

«Пасьля выбараў у жніўні тысячы пратэстоўцаў былі адвольна затрыманыя і падвергліся ня толькі несувымерным штрафам, але і гвалту з боку паліцыі, – сказаў Цэрэтэлі. – Я заклікаю Менск выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека і асноўных свабод».

Цэрэтэлі таксама раскрытыкаваў дзеяньні ўладаў па зьнішчэньні мэмарыялу на «плошчы Пераменаў» – у двары на вуліцы Чарвякова ў Менску, дзе 11 лістапада быў зьбіты Раман Бандарэнка, які выйшаў абараняць нацыянальную сымболіку ад невядомых у масках. Кіраўнік ПА АБСЭ выказаў спачуваньні родным і блізкім загіблага Бандарэнкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG