Незалежныя праваабарончыя арганізацыі Беларусі зрабілі супольную заяву з нагоды сьмерці Рамана Бандарэнкі.
Яны лічаць, што да злачынства датычныя ўлады, а ўчынілі яго, зь вялікай ступеньню верагоднасьці, супрацоўнікі МУС.
Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што Раман Бандарэнка да выкліку хуткай каля дзьвюх гадзін быў «пад поўным кантролем міліцыі» ў Цэнтральным РУУС. І міліцыянты, «відавочна, не прынялі меры па забесьпячэньні зьбітага чалавека тэрміновай мэдычнай дапамогай».
У сувязи з гібельлю Рамана Бандарэнкі праваабаронцы патрабуюць
- пачаць крымінальную справу,
- высьветліць і знайсьці асоб, датычных да злачынства.
Яны таксама паўтарылі свае ранейшыя патрабаваньні да сілавікоў:
- спыніць гвалт супраць мірных грамадзян,
- не выконваць злачынных загадаў,
- пачаць крымінальныя справы за гвалт, катаваньні і забойствы мірных грамадзян, бесстароньне і ўсебакова іх расьсьледаваць.
«Менавіта беспакаранасьць супрацоўнікаў міліцыі, якія прымяняюць катаваньні, жорсткасьць і гвалт да людзей, поўнае ігнараваньне базавых правоў чалавека з боку ўлады і праваахоўных органаў, а таксама татальная бязьдзейнасьць органаў пракуратуры і Сьледчага камітэту прывялі да дадзенай трагедыі, таму толькі няўхільнае выкананьне прынцыпу няўхільнасьці пакараньня дапаможа пазьбегнуць яе паўтарэньня, далейшай эскаляцыі гвалту і пагаршэньня крызісу правоў чалавека ў краіне», — адзначаюць праваабаронцы.
Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі
- Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
- Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
- Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
- У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
- Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
- Раман быў у крытычным стане.
- ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя зьявіліся на месцы ўжо пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
- Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую завяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com